СААТ «Сан Марка» павялічыць у 2009 годзе аб'ём вытворчасці на 20%
27 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Сумеснае беларуска-германскае таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) "Сан Марка" павялічыць у 2009 годзе аб'ём вытворчасці на 20%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Павел Мартынаў.
Паводле яго слоў, гэта звязана з уключэннем у вытворчы ланцужок трэцяй з чатырох запланаваных тэхналагічных ліній па пашыве нарыхтовак верха абутку прадукцыйнасцю 720 пар у змену. У цяперашні час персанал прадпрыемства асвойвае новае абсталяванне, таму яго магчымасці пакуль выкарыстоўваюцца не ў поўнай меры. Апошнюю, чацвёртую лінію плануецца запусціць у канцы 2009 - пачатку 2010 года.
У цяперашні час магутнасці "Сан Марка" дазваляюць штомесяц выпускаць каля 70 тыс. пар дзіцячага, мужчынскага і жаночага абутку. Планавае пашырэнне вытворчасці дазволіць не толькі павялічыць іх да 85 тыс. пар у месяц, але і стварыць працоўныя месцы. Так, для працы на новай лініі штат супрацоўнікаў павялічваецца на 120 чалавек, 90 з іх ужо набраны, распавёў кіраўнік.
"У цэлым, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы, прадпрыемства працуе стабільна, захоўваецца ўзровень вытворчасці і экспартных паставак, на якія прыпадае 35%", - адзначыў Павел Мартынаў. Асноўным рынкам збыту за мяжой з'яўляецца Расія. Прадукцыя віцебскага прадпрыемства таксама рэалізуецца ў Літве, Латвіі, Эстоніі, сярод новых рынкаў збыту - Казахстан.
Прадпрыемства заснавана ў 2003 годзе. Уваходзіць у склад кампаніі "Марка". Колькасць работнікаў складае каля 850 чалавек.-0-