СААТА «Віцебскавіясэрвіс» накіруе 17 млн. еўра на набыццё 5 самалётаў і стварэнне сэрвіснага цэнтра
19 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. СААТ "Віцебскавіясэрвіс" накіруе каля 17 млн. еўра на набыццё пяці самалётаў L-410 і стварэнне цэнтра тэхнічнага абслугоўвання самалётаў гэтага класа, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня савета дырэктараў беларуска-чэшскага прадпрыемства Павел Гароднаў.
Пагадненне аб намеры супрацоўніцтва па гэтых напрамках паміж "Віцебскавіясэрвісам" і кампаніяй-вытворцам Aircraft Industries a.s.(Чэхія) падпісана на Маскоўскім авіякасмічным салоне "МАКС-2011", які праходзіць цяпер.
У адпаведнасці з пагадненнем для стваранай у Віцебску авіякампаніі плануецца на працягу 2012-2013 гадоў паставіць два самалёты бізнес-класа і тры пасажырскія борта. Яны будуць абсталяваны новымі рухавікамі H80 амерыканскай кампаніі GE Aviation. Так, у наступным годзе віцебскія авіятары атрымаюць два самалёты, у тым ліку адзін бізнес-класа. Беларуска-чэшскае прадпрыемства мае намер развіваць рэгіянальныя пасажырскія перавозкі і прапрацоўвае магчымасць ужо ў 2012 годзе адкрыць рух па маршрутах Віцебск-Масква, Віцебск-Варшава і Віцебск-Калінінград, пры гэтым не выключаецца магчымасць з'яўлення і іншых напрамкаў палётаў.
Чэшскія авіябудаўнікі сумесна з "Віцебскавіясэрвісам" маюць намер стварыць у Віцебску цэнтр тэхнічнага абслугоўвання самалётаў L-410, што выпускаюцца авіяпрадпрыемствам. Цяпер дзейнічаюць усяго дзве сэрвісныя структуры - непасрэдна ў Чэхіі і расійскім Екацярынбурзе, таму цэнтр у Віцебску зможа абслугоўваць самалёты такога класа з краін Балтыі і СНД, адзначыў Павел Гароднаў.
СААТ "Віцебскавіясэрвіс" створана з удзелам чэшскай кампаніі PDW Group s.r.o. для рэалізацыі ў Віцебску інвестыцыйнага праекта па развіцці інфраструктуры аэрапорта Віцебск. Праект прадугледжвае стварэнне авіякампаніі, а таксама кампаніі па абслугоўванні бізнес-авіяцыі, палівазаправачнай і кампаніі па абслугоўванні аэрапорта, транспартна-лагістычнага цэнтра ў раёне віцебскага аэрапорта. Папярэдні аб'ём інвестыцый складае каля 50 млн. еўра.
Авіякампанія будзе абсталёўвацца самалётамі L-410, а ў перспектыве не выключаецца магчымасць набыцця ў лізінг пасажырскіх Іл-114 або франка-італьянскіх ATR. У ходзе рэалізацыі праекта прадугледжваецца будаўніцтва гасцініцы, рэстарана і мадэрнізацыя аэравакзальнага комплексу аэрапорта Віцебск, плануецца развіваць і дадатковыя сэрвісы.-0-