Спаборніцтва на вясновых палявых работах: новым машынам роўных няма

Упершыню на Віцебшчыне Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама праводзіць абласное спаборніцтва на вясновых палявых работах сярод механізатараў, якія працуюць на энергонасычаных трактарах. Таксама па выніках палявых работ вызначаць і лепшую інтэграцыйную структуру АПК, якая дасягнула найвышэйшага паказчыка выпрацоўкі на адзінку энергонасычанай тэхнікі.

Намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Наталля Баліцкая расказала пра ўмовы новага фармату спаборніцтваў:

— За апошні час вобласць набыла каля тысячы адзінак энергонасычанай тэхнікі, каб праводзіць палявыя работы ў аптымальныя тэрміны. На іх нам прырода, як вядома, адводзіць менш часу, чым іншым рэгіёнам. Калі распрацоўвалі правілы спаборніцтваў, паспрабавалі стварыць умовы для максімальнай выпрацоўкі кожнай адзінкі новай тэхнікі. Гэта — галоўны крытэр пры вызначэнні пераможцаў. Удзельнікі падзелены на групы ў залежнасці ад занятасці (пахата, падрыхтоўка глебы, прыкаткавання пасеваў, сяўба збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, кукурузы) і магутнасці агрэгатаў. Напрыклад, на пахаце механізатары спаборнічаюць у трох катэгорыях у залежнасці ад шырыні захопу плуга. Па такім жа прынцыпе арганізаваны конкурс на іншых відах работ. У кожнай групе мы вызначылі тры прызавых месцы з грашовай прэміяй: за 1-е належыць 40 базавых велічынь, за 2-е — 30 і 3-е — 20. Вынікі вызначым у канцы мая. Таксама назавём лепшую інтэграцыйную структуру вобласці па тым жа крытэрыі — з максімальнай нормай выпрацоўкі энергонасычанай тэхнікі.

Па інфармацыі аблсельгасхарчпрада, на 19 красавіка аграрыі рэгіёну пасеялі 70,5 працэнта збожжавых і зернебабовых культур. Першым і адзіным у вобласці сяўбу завяршыў Аршанскі раён. Ушчыльную да фінішу падышлі іх суседзі — працаўнікі Дубровеншчыны, якім да фінішу засталося каля 4 працэнтаў. Менш за 50 працэнтаў ад плана пасеяна ў 3 раёнах з 21: Гарадоцкім (каля 40 працэнтаў), Сенненскім (46,3), Лёзненскім (49,5). Традыцыйна палявыя работы на гэтых землях пачынаюцца пазней, бо глебы тут праблемныя для земляробства.

Аршанская інтэграцыйная структура з галоўным прадпрыемствам ААТ «Аршанскі КХП» да палявых работ прыступіла першай. Сыравінная зона аграхолдынгу аб'ядноўвае 26 гаспадарак у Аршанскім, Дубровенскім і Талачынскім раёнах.

Ход палявых работ пракаментаваў «СГ» генеральны дырэктар Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў Сяргей Герасімец:

— Плошча яравога кліну па нашай структуры — 21 тысяча гектараў. Палявыя работы ідуць зладжана. Цяжка кагосьці вылучыць, бо плошчы сяўбы ў гаспадарак розныя. Самыя вялікія ў «Задняпроўскага» на Аршаншчыне, у філіяле імя Ю. Смірнова ў Дубровенскім раёне, «Надзежына» і «Талачынскім райаграсэрвісе» на Талачыншчыне. Ёсць сярод арганізацый і тыя, хто завяршыў сяўбу. Па распараджэнні аблвыканкама ў гаспадаркі на дапамогу вяскоўцам накіраваны механізатары з гарадскіх арганізацый, у тым ліку нашай структуры. Акрамя гэтага, гараджане дапамагаюць у зборы камянёў. Сяем увесь светлавы дзень, а падрыхтоўка глебы вядзецца ў дзве змены, гаспадаркі пашуць і ўночы. Аплата працы, лічу, годная. Па кожным відзе тэхнікі ўстаноўлены свае расцэнкі. Калі механізатар выконвае дзённую норму, то кожны наступны гектар звыш яе аплачваецца ў двухразовым памеры. Агранамічная служба сочыць за тэхналагічным рэгламентам. Пры якасным выкананні плана дзённы заробк механізатара складае 100 рублёў і вышэй. Да прафесіяналізму людзей пытанняў няма, усе стараюцца працаваць на сумленне.

Аршанская структура мае намер сёлета атрымаць 250 тысяч тон збожжа. Сяргей Герасімец ускладае вялікую надзею на яравыя, паколькі некаторыя пасевы не лепшым чынам перанеслі зіму. Частку палёў, што парэдзелі ад снежнай цвілі, давядзецца перасяваць.