Конкурс на нарыхтоўку травяных кармоў абвешчаны ў Віцебскай вобласці

Старт абласнога спаборніцтва па нарыхтоўцы травяных кармоў абвясціў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

З гэтага года аўтарытэтнай камісіі трэба будзе вызначаць лепшых у абноўленым фармаце: упершыню ў асобнай намінацыі спаборнічаюць інтэграцыйныя структуры, а таксама пашыраны катэгорыі прызёраў сярод механізатараў.

Як паведамілі ў аблсельгасхарчпрадзе, удзельнікі будуць падзелены на намінацыі і катэгорыі ў залежнасці ад віду работ і магутнасці агрэгатаў. Для трактарыстаў-машыністаў уводзяцца такія намінацыі, як кашэнне траў, варашэнне (валкаванне), драбненне, адвоз, прэсаванне. Напрыклад, на кашэнні траў механізатары пазмагаюцца ў дзвюх групах зыходзячы з шырыні ахопу касілкі. Для занятых на прэсаванні ўстаноўлены па тры прызавыя месцы для тых, хто працуе на прэс-падборшчыках-упакоўшчыках у стрэтч-плёнку, а таксама на прэс-падборшчыках рулонных.

У кожнай групе кожнай намінацыі прызначаюцца тры прызавыя месцы з грашовай прэміяй: 1-е — 40 базавых велічынь, 2-е — 30 БВ, 3-е — 20 БВ. Вынікі будуць падведзены ў кастрычніку 2019 года. Акрамя таго, райвыканкамам рэкамендавана заахвоціць іншых работнікаў гаспадарак, якія забяспечылі высокія вытворчыя паказчыкі на касавіцы-2019.

Тым часам нарыхтоўка кармоў на Віцебшчыне набірае абароты. Па інфармацыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, ужо скашаны травы на плошчы 11,8 тыс. га, што складае 4,9% да плана. Усяго ў гэтым сезоне трэба будзе нарыхтаваць больш за 1,1 млн т кармавых адзінак травяных кармоў, у тым ліку ўбраць травы першым укосам з плошчы 240 тыс. га, нарыхтаваўшы каля 650 тыс. т к. адз.

"Віцебскія весці".