Спаборніцтвы гіравікоў, Belarus Skateboard Challenge і «Маладзёжны забег»: якія спартыўныя старты пройдуць на «Славянскім базары-2020»

Фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы ўжо даўно атрымалі пастаянную прапіску на «Славянскім базары». Цяперашні фестываль не стаў выключэннем.

Адным з галоўных месцаў правядзення спаборніцтваў стане пляцоўка каля Летняга амфітэатра. Тут 18 ліпеня ў 14.00 стартуюць адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце «Кубак Губернатара». Летась на спаборніцтвах гіравікоў было ўстаноўлена 2 сусветныя рэкорды, у тым ліку гіравік з Гродна Яўгеній Назарэвіч 75 разоў падняў 50-кілаграмовую гіру ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. З 10.00 на гэтай пляцоўцы будуць праходзіць майстар-класы і спаборніцтвы па ролер-спорце, адкрыты чэмпіянат «Belarus Skateboard Challenge», а таксама абласныя спаборніцтвы па баскетболе 3х3 (матчы баскетбалістаў пройдуць і на наступны дзень).

18 ліпеня ў фестывальным Віцебску пройдзе адзін з самых масавых спартыўных стартаў – у 12.00 на плошчы Перамогі пачнецца марафон здаровага ладу жыцця «Маладзёжны забег», удзельнікі якога пераадолеюць дыстанцыю ў 6,4 кіламетра па маршруце: плошча Перамогі – Маскоўскі праспект – вуліца Церашковай – Маскоўскі праспект – плошча Перамогі. Летась дыстанцыя была карацейшая – 2,5 кіламетра, а старт сабраў больш за 150 аматараў лёгкай атлетыкі.

18-19 ліпеня, у пойме ракі Віцьба з 10.00 да 19.00 будзе праходзіць адкрыты Кубак Віцебска па пляжным футболе.

На базе Віцебскага абласнога клуба па гульнявых відах спорту, размешчаным на праспекце Перамогі, 3 на працягу двух дзён, 19-20 ліпеня, вызначаць наймацнейшую каманду па пляжным валейболе сярод жанчын. ДЮСШ ФК «Віцебск» (праспект Чарапахіна, 23) 15, 16 і 18 ліпеня прыме гарадскі чэмпіянат па футболе ў фармаце 8х8 сярод клубаў па фізічнай культуры і спорце арганізацый.
 
"Віцьбічы". Фота з архіва газеты.