Суседнія з Расіяй раёны Віцебскай вобласці выказваюць спачуванні ў сувязі з авіякатастрофай пад Сочы

Жыхары раёнаў Віцебскай вобласці, якія мяжуюць з Расіяй, накіроўваюць дэлегатаў і тэлеграмы са спачуваннямі і словамі падтрымкі братскаму народу ў сувязі з крушэннем ваеннага самалёта Ту-154 пад Сочы, паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.

 

Сёння дэлегацыя Лёзненскага раёна на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Тамарай Дрылёнак накіравалася да суседзяў у Рудню (Смаленская вобласць), каб перадаць ад жыхароў спачуванні. "Амаль адразу пасля трагедыі людзі сталі да нас звяртацца з просьбамі: да пасольства дабрацца цяжка, але хаця б праз суседзяў у Руднянскім раёне трэба выказаць наша спачуванне і падтрымаць расійскі народ. Мы склалі тэлеграму, якую перадамо мясцовай адміністрацыі, а таксама ў руднянскую газету", - растлумачыла Тамара Дрылёнак.

Авіякатастрофа адбылася 25 снежня ў Чорным моры. На борце судна знаходзіліся 92 чалавекі, у тым ліку артысты ансамбля імя Александрова, журналісты, члены экіпажа. Ніхто з іх не выжыў. У Віцебска з ансамблем ім. Александрова асаблівая сувязь. Ён назаўжды ўпісаны ў гісторыю фестывалю "Славянскі базар". У 2005 годзе праслаўлены калектыў выступаў на сцэне Летняга амфітэатра, дзе яму апладзіравалі гледачы гала-канцэрта ўрачыстага адкрыцця фестывалю і дабрачыннага канцэрта "Непарамагчымая і легендарная". На юбілейным XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў ансамбль выступаў у гала-канцэрце ўрачыстага адкрыцця і з сольнай праграмай у канцэрце "Саюзнае дзяржава запрашае". Дзяржаўная ўстанова "Цэнтр культуры Віцебск" - дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" выказвае найглыбейшыя спачуванні членам сем'яў артыстаў калектыву і ўсім прыхільнікам ансамбля ім. Александрова ў Расіі, Беларусі і ва ўсім свеце.

Кацярына Князева - БЕЛТА.