Стан і вектар развіцця аграрнага сектара Віцебшчыны ў дэталях а маляваў Мікалай Шарснёў на прэс-канферэнцыі напярэдадні «Дажынак».
Усё пазнаецца ў параўнанні
На першае пытанне аб тым, якім быў сёлетні год для хлебаробаў, Мікалай Мікалаевіч адказаў адным словам: «Няпростым». І развіў сваю думку, паколькі, ацэньваючы сёлетні каравай, трэба супастаўляць умовы, у якіх ён фарміраваўся. Аналіз паказвае, што больш-менш спрыяльным на Віцебшчыне, як правіла, бывае адзін год з 8—10 гадоў. Вось і сёлета і сушыла, і залівала, і град выпадаў. Праведзеная ў аграрным сектары апошнім часам праца дазваляла разлічваць на атрыманне не менш за 1,3 мільёна тон збожжа. А сабралі 756 тысяч тон. Гэта засмучае, але вынік вызначае не толькі вал. У разліку на бало-гектар зямлі вобласць мае 90,3 кілаграма збожжа. Наперадзе нас толькі Брэстчына — з розніцай у 1,4 кілаграма. Усе астатнія ніжэй. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці працы нашых працаўнікоў, аб тым, што паўночная Віцебшчына аказалася больш гатовай да працы ў экстрэмальных умовах. Ёсць і іншыя рэкордныя лічбы. Два экіпажы сёння пераадолелі 4-тысячны намалот збожжа. У будучыні, калі такую выпрацоўку забяспечыць кожны камбайн, для атрымання мільёна тон нам спатрэбіцца ўсяго 250 высокапрадукцыйных машын, а цяпер маем розных больш за паўтары тысячы. Гэта людзі, зарплата, абслугоўванне, іншыя выдаткі. Таму наша ідэалогія на заўтра — нарошчваць выпрацоўку, пры ўраджайнасці 40 цэнтнераў з гектара забяспечваць намалот 7—8 тысяч тон збожжа на камбайн. У многіх гаспадарках для гэтага не хопіць плошчаў? Разгарнуцца да канца і эфектыўна выкарыстоўваць дарагую тэхніку дазволяць інтэграцыйныя структуры. Гэты год пацвердзіў, што палітыка наша правільная, мы рухаемся наперад. У мінулым годзе мелі першых трохтысячнікаў, сёлета чатырох, і далей па нарошчванні. А ў лідарах сёння тыя, хто выразна вытрымлівае тэхналогію вырошчвання культур. У Талачынскім, Аршанскім, Дубровенскім раёнах умовы больш спрыяльныя, а ў абласным спаборніцтве сярод раёнаў паб
адзеў Віцебскі. За кошт арганізацыі працы, узроўню гаспадарання.
Адзначыў старшыня аблвыканкама і цяперашні вынік ад аптымізацыі структуры севазвароту. Вобласць атрымала больш за 100 тысяч тон збожжавых і бабовых культур, у два разы больш леташняга, а гэта дасць магчымасць збалансаваць рацыён жывёлы па бялку — уласным, а не набытым. Збожжавыя і бабовыя ў структуры пасяўных плошчаў ужо 12 працэнтаў, і стаіць задача давесці іх аб'ём да 15 працэнтаў. Яе выкананне рэальна, бо на наступны год засыпана ўжо сваё насенне.
Будучыня «Дажынак»
Спыталі ў старшыні аблвыканкама і пра тое, ці ўдалося ажыццявіць усё з задуманага пры падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» у Верхнядзвінску, якім яму бачыцца будучыня фестывалю працаўнікоў вёскі?
Мікалай Шарснёў адзначыў, што «Дажынкі» мы праводзім перш за ўсё для таго, каб аддаць даніну павагі найцяжэйшай працы на зямлі, падкрэсліць аўтарытэт аграрыяў і ўславіць іх. Таксама сутнасць свята, яго ідэалогія ў тым, каб атрымаць сацыяльны эфект ад добраўпарадкавання невялікіх гарадоў. І ўсё гэта не для галачкі, не для чырвонага слоўца, а дзеля стварэння больш камфортных умоў для пражывання людзей, каб моладзь заставалася і працавала на родных мясцінах. Праўда, у значна меншай ступені пры падрыхтоўцы вырашаецца задача стварэння працоўных месцаў, але гэта немагчыма зрабіць хутка і за бюджэтныя сродкі, павінна быць сістэмная праца мясцовых уладаў па прыцягненні ў рэгіёны інвестараў.
Што ж тычыцца ўнясення істотных карэкціровак у сам стрыжань свята, то, на думку кіраўніка вобласці, у гэтым наўрад ці ёсць неабходнасць. А вось у залежнасці ад фінансавага стану павялічваць аб'ёмы выконваемых пры падрыхтоўцы работ, больш прыводзіць у парадак дарог, у тым ліку ўнутрыраённых, трэба. І задача-максімум — у год такім чынам уладкоўваць не адзін райцэнтр, а хаця б па два. Тады наша мэта зрабіць жыццё ў малых гарадах зручным, прывабным будзе дасягнута ў больш блізкай перспектыве.
Спадзявацца больш на сябе
Даючы на просьбу журналістаў ацэнку ўзроўню развіцця жывёлагадоўлі, рэальнасці прыходу замежных інвестыцый у яго развіццё на прамысловай аснове, Мікалай Шэрстнёў сказаў, што, на жаль, пахваліцца тут няма чым, наша жывёлагадоўля знаходзіцца сярод абласцей у найгоршым становішчы. На Віцебшчыне няма ніводнага сучаснага дзяржаўнага свінакомплексу, толькі прыватныя, а новых і рэканструяваных МТФ усяго 20 працэнтаў ад наяўных. Зразумела, што там працуюць людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, моладзь у такіх умовах працаваць не стане.
Будаваць новыя трэба, але закрэдытаванасць гаспадарак настолькі глыбокая, што даводзіцца займацца пошукам іншых рашэнняў па фінансаванні, гэта вельмі зацягвае тэрміны. Ужо прапрацаваныя праекты ў найбліжэйшы час дазволяць пачаць будаваць прыкладна 10 ферм, на 2 тысячы кароў кожная, а трэба хаця б 30. Гэта дасць магчымасць нарасці прадуктыўнасць статка, знізіць сабекошт атрыманага малака, загрузіць магутнасці перапрацоўкі і ўвесці сельскую эканоміку ў нармальнае рэчышча, зрабіць наш тавар больш канкурэнтаздольным на ўнутраным і знешнім рынках. Аднак на замежных інвестараў тут разлічваць не даводзіцца. Яны часта прыязджаюць, глядзяць, але да канкрэтных праектаў справа не даходзіць. На найбліжэйшыя тры гады для сябе вобласць пазначыла мэту ўводзіць штогод па 10 сучасных ферм, каб сысці ад чалавечага фактару. Сапраўды гэтак жа і ў свінаводстве. Трэба пабудаваць чатыры сучасныя свінарэпрадуктары, а старыя памяшканні адрамантаваць пад адкорм. За кошт гэтага зможам удвая павялічыць аб'ём вырабленай свініны і знізіць яе сабекошт.
Новае плюс капрамонт
Што тычыцца тэхнічнага аснашчэння сяла, то тут сітуацыя таксама няпростая. У вобласці зараз працуе 6900 трактароў, і большая іх частка самартызавана. Штогадовае абнаўленне — 3 працэнты, а трэба 10. Тэхнічнае адставанне нарастае, і самастойна рэгіён з гэтай праблемай не справіцца. Мы губляем час, сказаў Мікалай Мікалаевіч, сыходзяць на пенсію механізатары са стажам, а моладзь на старую тэхніку не пасадзім.
Павінна падключацца рэспубліка, трэба шукаць крыніцы фінансавання, як гэта было ў 2009—2010 гадах, калі за кошт лізінгу вобласць атрымала 1000 збожжаўборачных камбайнаў, набывалася па 400—500 трактароў. Час ідзе, гэты парк набліжаецца да зносу. І яшчэ адзін момант. Дрэнна, што наша краіна страціла тэхналогію аднаўлення сельгастэхнікі, капітальны рамонт цяпер ніхто не робіць. Гэта трэба ў вобласці адраджаць, інакш палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу не атрымаецца. Сучасныя агрэгаты дазваляюць мець высокую выпрацоўку, забяспечваюць захаванне тэхналогіі, замест цяперашніх амаль 7 тысяч трактароў нам дастаткова 1600 высокапрадукцыйных з поўным наборам шыроказахватнага навеснага абсталявання (па два на тысячу гектараў ворнай зямлі). Гэта таксама вырашыць праблему недахопу працоўных рук.
Аб карысці стымулаў
Яшчэ адно пытанне СМІ: «А што нам дасць адкрыццё ў школах рэгіёна аграрных класаў і ўкараненне іншых непрадуктыўных інавацыйных падыходаў?». Таксама быў дадзены разгорнуты адказ. Штогод каледжы і ліцэі рэгіёна выпускаюць да 800 спецыялістаў рабочых прафесій, але працуюць у аграсектары вельмі нямногія, а ў ветэрынарную акадэмію ўсё часцей паступаюць гарадскія выпускнікі, што таксама не дае шанцаў на іх замацаванне ў сельгаспрадпрыемствах. У такой сітуацыі, каб забяспечыць кваліфікаванымі спецыялістамі тыя ж сучасныя фермы, што будуюцца, і пасадзіць на камп'ютарызаваную тэхніку ведаючых людзей, у вобласці распрацаваны шэраг мер. Уведзена новая сістэма аплаты працы, зразумелая, стымулюючая і больш высокая на старце, каб моладзь утрымаць. Павялічана ў два разы працягласць практыкі навучэнцаў у установах сельгаспрофілю, прычым праходзіць яна павінна ў лепшых гаспадарках. І размеркаванне выпускнікоў будзе толькі ў перспектыўныя сельгаспрадпрыемствы, каб яны, сутыкнуўшыся з велізарнымі цяжкасцямі, не сышлі з гэтай сферы назаўжды. Аграрныя класы, адкрытыя з гэтага года, дадуць іх выпускнікам магчымасць паступаць у ВНУ па мэтавым наборы. Так, не адразу, не за адзін год, вобласць разлічвае абнавіць працоўныя рэсурсы на сяле, стварыць умовы для іх плённай працы. І ў гэтым зноў жа наша ідэалогія развіцця АПК.
Стратэгія ільноводства
Якімі будуць падыходы ў ільнаводстве? Шмат гаварылі аб стварэнні холдынгу на чале з ільнакамбінатам, але рэалізаваць гэта не ўдалося. Ці ёсць сэнс працягваць працу ў такім ключы? На гэтыя пытанні адказ ужо дало жыццё. Аб'яднанне нават хай толькі на тэхналагічнай аснове, але без належнай фінансавай падсілкоўкі нічога, на думку Мікалая Шарстнёва, не дае. Гэта трэба было рабіць даўно, калі ільнакамбінат яшчэ меў сродкі і мог, павінен быў пераразмяркоўваць частку дабаўленай вартасці туды, дзе вырабляецца сыравіна, — на новыя тэхналогіі, на добрую тэхніку. Сёння ён сам не зводзіць канцы з канцамі, а аб'яднанне пародзіць толькі некіравальнасць. У такім выпадку наш падыход наступны. Будзем падымаць тэхналагічнасць ільнозаводаў. Летась за бюджэтныя сродкі дапамаглі ім аднавіць асобныя вузлы і агрэгаты ліній, сёлета — набыць 190 адзінак тэхнікі для трапання і ўборкі. Гэтыя работы трэба выконваць хутка, за 10—15 дзён, каб атрымаць якасную, паспяваючую вылежацца трэсту. І загрузіць магутнасці — сыравінай. У будучым годзе трэба будзе дашліфаваць усё па тэхніцы, паглыбіцца ў мадэрнізацыю ліній. Так што і тут, як і ў астатніх галінах, мы разабраліся з падыходамі, выразна разумеем, што трэба рабіць, шукаем для гэтага магчымасці і робім.
Завяршылася прэс-канферэнцыя ўручэннем старшыні аблвыканкама ад прадстаўнікоў СМІ маляўнічага фотаальбома з лепшымі кадрамі фестывалю-кірмашу «Дажынкі» з яго ўдзелам. Сённяшні дзень у Верхнядзвінску папоўніць магчымае другое выданне гэтай яскравай фоталетапісу.