Стан лясных экасістэм абмяркуюць на міжнародным семінары ў нацпарку "Браслаўскія азёры"

У нацыянальным парку "Браслаўскія азёры" з 20 па 25 мая пройдзе IX Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці "лясная гаспадарка" ("лясная справа"), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН Беларусі.

Мерапрыемства арганізавана Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пры ўдзеле нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". Семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў пройдзе на тэму "Дынаміка, стан і маніторынг лясных экасістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях".

Чакаецца ўдзел больш за 50 чалавек з 18 навукова-даследчых устаноў, вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Казахстана, Сербіі, Расіі і Украіны. Будуць арганізаваны навукова-практычныя заняткі на тэрыторыі нацпарку "Браслаўскія азёры", Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу НАН Беларусі і Верхнядзвінскага лясгаса.

Спецыялісты азнаёмяцца з практыкай правядзення высечак галоўнага і прамежкавага карыстання, санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, іншымі відамі лесагаспадарчай дзейнасці, а таксама селекцыйна-генетычнымі аб'ектамі Інстытута лесу.

На семінары плануецца разгледзець прапановы і абмеркаваць сумесныя праекты для падачы ў розныя фонды, дзяржаўныя праграмы, а таксама перспектывы і вынікі рэалізацыі сумесных грантаў. "Вынікам працы семінара стане кансалідацыя намаганняў, вопыту і ведаў вучоных, выкладчыкаў і практыкаў у ацэнцы эфектыўнасці абмежаванняў і забарон, устаноўленых у дачыненні да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і асобных аб'ектаў расліннага свету", - адзначылі ў прэс-службе.

Мерапрыемства прысвечана Году малой радзімы, Дню экалагічнай адукацыі, Міжнароднаму дню біялагічнай разнастайнасці, 100-годдзю Маскоўскага лесатэхнічнага інстытута (цяпер Мыцішчанскі філіял Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Н.Э. Баўмана) і 75-годдзю Інстытута лесаводства Расійскай акадэміі навук.