Стан азімых культур у Віцебскай вобласці навукоўцы ацэньваюць станоўча

31 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пасевы азімых збожжавых культур і азімага рапсу ў Віцебскай вобласці знаходзяцца ў добрым стане. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі Сяргей Якаўчык. Вынікі маніторынгу паказваюць, што азімыя культуры жыццяздольныя, нягледзячы на нізкія тэмпературы паветра ў пачатку снежня, якія месцамі дасягалі мінус 22 градусаў і ніжэй. Тэмпература глебы на глыбіні вузла кушчэння ў сярэднім па вобласці складала мінус 6-8 градусаў, у асобных месцах - да мінус 11 градусаў. "Крытычная тэмпература для азімых збожжавых культур складае мінус 16-18 градусаў", - адзначыў Сяргей Якаўчык. Усяго ў Віцебскай вобласці пасевы азімых збожжавых культур займаюць плошчу амаль у 250 тыс.га, азімы рапс пасеяны на 88 тыс.га.-0-