Стан санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў рэгіёне абмеркавалі на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў
– Гэта вельмі важнае пытанне, бо яно звязана з дабрабытам насельніцтва, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. – У цэлым, сітуацыя стабільная, па асобных паказчыках мы ідзем наперадзе рэспублікі. І ўсё ж ёсць моманты, якія турбуюць і патрабуюць пастаяннага кантролю, такія як тэхналогія вытворчасці харчовых прадуктаў і іх захоўвання, якасць пітной вады, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, утрыманне міні-палігонаў, уцягванне ў абарот невыкарыстоўваемых земляў і іншыя. Усё ў комплексе – гэта клопат пра здароўе насельніцтва, што з'яўляецца нашай агульнай задачай.
Як адзначыў галоўны санітарны ўрач Віцебшчыны Уладзімір Сінкевіч, у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню інфекцыйнай захворвальнасці, у чым дапамагае папярэдняя імунізацыя насельніцтва. Наступная кампанія па прышчэпках разгорнецца ўжо ў другім квартале, эпідэміёлагі заклікаюць на дапамогу выканкамы, у тым ліку і фінансавую. Асаблівую ўвагу варта надаць гандлёвым аб'ектам, якія па-ранейшаму не цураюцца рэалізоўваць прадукты харчавання з мінулым тэрмінам прыдатнасці і без дакументаў, што сведчаць іх якасць. Па выніках маніторынгу ў 1 квартале больш за ўсё такіх выпадкаў выяўлена ў Лепельскім і Міёрскім раёнах.
Што тычыцца навядзення парадку на зямлі, то варта памятаць, што з 28 студзеня бягучага года ўступілі ў сілу Правілы па ўтрыманні населеных пунктаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі, зацверджаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дакументам прадугледжаны функцыі кожнай службы і ў выпадку невыканання Правілаў – адміністрацыйныя спагнанні, якія могуць прымяняцца як да прадпрыемстваў, так і да гаспадароў прыватных падворкаў, старшынь садаводчых таварыстваў і іншых.
– Да добраўпарадкавання варта актыўней прыцягваць саміх грамадзян. Экалагічная культура ў нашага насельніцтва з кожным годам расце, але ўсё роўна можна ўбачыць смецце ў зонах адпачынку і лясных масівах, а то і каля прыватных дамоў. У такой сітуацыі кагосьці наставіць на шлях ісціны дапаможа толькі пакаранне рублём. Трэба прымяняць адміністрацыйную адказнасць, прадугледжаную заканадаўствам, – лічыць Аляксандр Ацясаў.
Згодны з гэтым і экологи. Іх, як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў, вельмі хвалююць праблемы абыходжання з адходамі, функцыянавання палігонаў і сартавальных пунктаў, парадку на будаўнічых пляцоўках, надыходзячай барацьбы з боршчавіком. Дадзеныя пытанні можна вырашыць толькі агульнымі намаганнямі і ў тым выпадку, калі кожны жыхар Віцебшчыны будзе зацікаўлены ў чысціні, прыгажосці і захаванні чыстай экалогіі роднага краю.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «Віцебскі рабочы».