Спачуванне і міласэрнасць дапамогуць беларусам перажыць агульны боль - дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску
13 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спачуванне і міласэрнасць дапамогуць беларусам перажыць агульны боль і зробяць іх згуртаваней, такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая.
"Трагедыя, якая адбылася ў мінскім метро 11 красавіка, ніяк не ўкладваецца з унутраным адчуваннем Беларусі як спакойнай і міралюбнай краіны. Гэта гора, жахлівае гора для тых, хто яго перажыў, хто страціў блізкіх, гэта гора для ўсёй краіны", - сказала Людміла Хмяльніцкая.
Але, нягледзячы на шок ад перажытага, людзі, якія апынуліся ў той трагічнай сітуацыі, не страцілі чалавечай годнасці і праявілі лепшыя якасці: міласэрнасць, спачуванне, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. "Гэтыя рысы ў ментальнасці беларусаў. Можа быць, менавіта дзякуючы ім мы перажылі столькі бед і захавалі сваю краіну. Гэтыя якасці павінны дапамагчы нам стаць згуртаваней", - упэўнена Людміла Хмяльніцкая.
На адрас музея, які мае шырокія міжнародныя сувязі, прыходзяць тэлеграмы са словамі спачування сем'ям загінулых і падтрымкі пацярпелым і ўсім беларусам.-0-