Супрацоўніцтва Паўночнай рады і Віцебскай вобласці пачнецца з праектаў у экалагічнай сферы

11 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праекты, накіраваныя на паляпшэнне якасці пітной вады, а таксама па вытворчасці біяпаліва могуць стаць пілотнымі ў супрацоўніцтве Паўночнай рады і Віцебскай вобласці. Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня Паўночнай рады, член парламента Каралеўства Швецыі Сінікка Болін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння дэлегацыя Паўночнай рады знаходзіцца з візітам у Віцебскай вобласці. "У нас ёсць вялікі вопыт работы з праектамі, накіраванымі на паляпшэнне якасці пітной вады і па перапрацоўцы ўжо выкарыстанай вады, таму, магчыма, у гэтых сферах будзе рэалізаваны адзін з нашых першых сумесны праект з Віцебскай вобласцю", - сказала Сінікка Болін. Яшчэ адным перспектыўным і цікавым напрамкам супрацоўніцтва ўяўляецца вытворчасць біяпаліва з мясцовых відаў сыравіны. У ходзе аднадзённай паездкі дэлегацыі Паўночнай рады па Віцебскай вобласці плануецца абмеркаваць ключавыя напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне экалогіі, энергазберажэння, дрэваапрацоўкі, лесакарыстання, сельскай гаспадаркі. "Паездка па Віцебскай вобласці дасць магчымасць на месцы вывучыць сітуацыю і пазнаёміцца з патэнцыялам рэгіёна для вызначэння перспектыў нашага наступнага ўзаемадзеяння", - дадала Сінікка Болін. Дэлегацыя Паўночнай рады правяла рабочую сустрэчу са старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандрам Ацясавым і кіраўніцтвам аблвыканкама, падчас якой бакі абмеркавалі магчымыя напрамкі сумеснай работы і вызначылі прыярытэты ўзаемадзеяння. Удзельнікі дэлегацыі наведаюць аб'екты рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз", адкрытых акцыянерных таварыстваў "Рудакова" і "Віцебскдрэў". Паўночная рада з'яўляецца арганізацыяй парламенцкага супрацоўніцтва краін Паўночнай Еўропы, якая аб'ядноўвае дэпутатаў парламентаў пяці дзяржаў (Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі) і трох аўтаномных тэрыторый (Аландскіх і Фарэрскіх астравоў, Грэнландыі). Яна рыхтуе рэкамендацыі Савету міністраў паўночных краін, які быў створаны як форум супрацоўніцтва ўрадаў скандынаўскіх дзяржаў. Органамі Паўночнай рады з'яўляюцца прэзідыум, пленарная сесія і камітэты. Паўночная рада складаецца з 87 членаў, якія абіраюцца нацыянальнымі парламентамі. Камітэты Паўночнай рады падтрымліваюць кантакты і абменьваюцца інфармацыяй з ЮНЕСКА, СГА і ЮНІСЕФ. На сесію запрашаюцца прадстаўнікі ПА АБСЕ. Паўночная рада з'яўляецца ініцыятарам парламенцкага супрацоўніцтва па трох напрамках: Балтыйскім, Арктычным і Барэнцавым. Вялікую ролю ў развіцці эканамічнага і прыродаахоўнага супрацоўніцтва адыгрывае за кошт долявых узносаў паўночных краін Паўночны інвестыцыйны банк. Мэта дзейнасці гэтага банка - прадастаўленне крэдытаў для садзейнічання інвестыцыйным праектам і экспарту.-0-