Супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы павінна стаць асновай інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы

16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў інавацыйнай сферы павінна стаць асновай інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы. Такая кропка гледжання прагучала ў ходзе міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Канцэптуальныя асновы працэсу інтэграцыі Расіі і Беларусі", якая праходзіць сёння ў Віцебску ў рамках пасяджэння Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На думку начальніка навукова-арганізацыйнага ўпраўлення Расійскай акадэміі навук доктара эканамічных навук Уладзіміра Іванова, з улікам таго, што інавацыйнае развіццё эканомікі абвешчана прыярытэтам як у Беларусі, так і ў Расіі, неабходна прыступіць да распрацоўкі канцэпцыі фарміравання адзінай навукова-адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар эканамічных навук Андрэй Маркаў прапанаваў разгледзець магчымасць стварэння навукова-адукацыйных структур у форме стратэгічных альянсаў, якія маглі б стаць асновай для інавацыйнай кааперацыі і нават закласці фундамент для стварэння транснацыянальных кампаній. Супрацоўнік Інстытута дзяржавы і права РАН доктар юрыдычных навук Мікалай Міхайлаў адзначыў, што ў стварэнні заканадаўчай базы для інавацыйнай дзейнасці Беларусь прасунулася далей, чым Расія. "У Беларусі ўжо дзейнічаюць нарматыўныя акты ў гэтай сферы, а ў Расійскай Федэрацыі яшчэ распрацоўваецца праект", - заўважыў ён і не выключыў, што вопыт Беларусі можа быць выкарыстаны расійскімі заканатворцамі. Кажучы аб неабходнасці аб'яднання намаганняў у інавацыйнай сферы, саветнік Прэзідыума НАН Беларусі доктар эканамічных навук, акадэмік Пётр Нікіценка сказаў, што сумесную навуковую дзейнасць трэба накіраваць на карысць эканамічнай і нацыянальнай бяспекі і забяспечваць канкурэнтаздольнасць эканомік Беларусі і Расіі.-0-