Супрацоўнікі ДАІ ў Віцебску ў Дзень без аўтамабіля аддалі перавагу роварам
22 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Два дзясяткі супрацоўнікаў батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама сёння ў Дзень без аўтамабіля пераселі са службовых аўто на ровары, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Супрацоўнікі ДПС на чале са сваім камандзірам Уладзімірам Банадыпенкам, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, здзейснілі агітацыйны велапрабег па вуліцах Віцебска. Як расказала начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна, такім незвычайным чынам ДАІ прыцягвае ўвагу да міжнароднай акцыі і агітуе за бяспечны і экалагічны транспарт - ровар. Акрамя таго, у Дзень без аўтамабіля эколагі сумесна з ДАІ правядуць акцыю "Чысты горад" і будуць правяраць аўтамабілі на таксічнасць і дымнасць адпрацаваных газаў і ўтрыманне ў іх забруджвальных рэчываў.
Летась падчас аналагічнай кампаніі найбольшую колькасць парушэнняў выявілі ў Віцебску і Міёрах. З абследаваных у абласным цэнтры 114 аўтамабіляў на кіроўцаў склалі 12 пратаколаў, у Міёрах праверылі 38 аўтамабіляў і склалі 11 пратаколаў.
Міжнародны дзень без аўтамабіля быў абвешчаны ў 2000 годзе Еўрапейскай камісіяй па навакольным асяроддзі. Як чакаецца, у 2010 годзе ў акцыі возьмуць удзел 1142 гарады 37 дзяржаў.-0-