Супрацоўнікі ДАІ Віцебскай вобласці павіншавалі жанчын-кіроўцаў з надыходзячым святам

У абласным цэнтры напярэдадні Дня жанчын супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўладкавалі святочную акцыю-сюрпрыз для прадстаўніц прыгожага полу.

Спыняючы аўтамабілі, за рулём якіх былі жанчыны-кіроўцы, мужчыны ў форме віншавалі мілых дам з надыходзячым святам вясны і прыгажосці і дарылі ім букеты цюльпанаў, падарункавыя сувеніры ад аўташколы “Святлафор”, кружкі, ручкі, блакноты, сертыфікаты на навучанне ў аўташколе, нагадвалі аб правілах паводзін і жадалі бяспечных дарог.

– Для Віцебска стала добрай традыцыяй віншаваць жанчын. Сёлета вырашылі павіншаваць выдатную палову віцябчан з надыходзячым Днём жанчын у сваё свята – Дзень міліцыі,  – распавёў начальнік міжраённага аддзела ДАІ падпалкоўнік міліцыі Руслан Валер'евіч Бабакін. Унікальнасць акцыі ў тым, што мы прымяркоўваем яе да Года гістарычнай памяці, таму ўпершыню ў акцыі ўдзельнічае “гістарычны” міліцыянер з сучаснымі супрацоўнікамі ДПС. Сёлета экіпажы незвычайныя: у форме сучасных супрацоўнікаў начальнік міжраённага аддзела ДАІ падпалкоўнік міліцыі Руслан Валер'евіч Бабакін са сваім намеснікам,  у форме “гістарычнага” міліцыянера намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ падпалкоўнік міліцыі Іван Іванавіч Іваноў.

- Ці парушыла я Правілы дарожнага руху? – галоўнае пытанне, якое гучала ад кожнай дзяўчыны, якую спыняў супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі. Але, даведаўшыся, што нагода для спынення – прыемны сюрпрыз, дзяўчаты імгненна расслабляліся і з радасцю прымалі віншаванні.

"Віцебскія весці"