Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ўзброеную банду ў Горацкім раёне

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ўзброеную банду ў Горацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі. Увечары 15 лютага ў Аршанскі РАУС звярнуўся жыхар Магілёва. Ён заявіў, што больш за гадзіну таму трое невядомых, якіх ён падвозіў на машыне "Фальксваген", пад пагрозай абрэза вінтоўкі завалодалі гэтым аўтамабілем і зніклі. Супрацоўнікі ўпраўленняў ДАІ УУС Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў выявілі машыну прыкладна праз два гадзіны ў адной з вёсак Горацкага раёна. Там жа затрыманы трое маладых людзей, адзін з якіх судзімы за крадзеж і рабаванне, а астатнія – за хуліганства. У хлопцаў канфіскаваны абрэз вінтоўкі нявызначанай маркі калібра 7,62 мм. Больш падрабязная інфармацыя пакуль не паведамляецца.-0-