Супрацоўнікі МНС правядуць 31 сакавіка падрыў лёду на рацэ Чарніца Лёзненскага раёна
30 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супрацоўнікі выбухова-тэхнічнай службы ПАСА "Віцязь" правядуць падрыў лёду на рацэ Чарніца Лёзненскага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар УМНС Віцебскай вобласці Марына Фандо.
Ліквідацыя ледзяных затораў адбудзецца 31 сакавіка каля апорных канструкцый моста ў сувязі з яго нізкай пасадкай. Неабходнасць у правядзенні падрыўных работ на іншых рэках вобласці адсутнічае, бо ўскрыццё водных артэрый праходзіць спакойна.
Як адзначылі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, сёлеташняй вясной разбурэнне ледаставу праходзіць на вадаёмах вобласці ціха і павольна за кошт спрыяльных умоў надвор'я - невысокіх плюсавых значэнняў днём і падмарожванняў уночы. Ледаход рознай інтэнсіўнасці назіраецца на ўсіх рэках вобласці за выключэннем Дрысы, Усвячы і вярхоўяў Заходняй Дзвіны, дзе ледзяны панцыр усё яшчэ трымаецца. Сітуацыя развіваецца пакуль спакойна і не выклікае асцярог, заключылі спецыялісты.-0-