Супрацоўнікі МНС выратавалі 36 чалавек на пажары ў віцебскім інтэрнаце

26 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Супрацоўнікі МНС выратавалі 36 чалавек на пажары ў віцебскім інтэрнаце. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі. Паведамленне аб пажары на вул.Даватара ў пакоі на першым паверсе трохпавярховага будынка інтэрната Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны паступіла ў 22:31. "Спрацавала сігналізацыя, а таксама паступіла некалькі званкоў ад саміх жыльцоў", - адзначылі ў МНС. Для ліквідацыі пажару на месца былі накіраваны 12 адзінак тэхнікі з баявым разлікам і 6 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Да моманту прыбыцця на месца выкліку гарэў пакой на першым паверсе, агонь пранікаў на другі паверх. Таксама былі моцна задымлены калідоры інтэрната. "З-за задымлення людзі не маглі самі выйсці з будынка інтэрната па шляхах эвакуацыі. З дапамогай аўталесвіцы і высуўных трохкаленчатых лесвіц супрацоўнікі МНС выратавалі 36 чалавек, якія знаходзіліся ў будынку", - распавёў Віталь Навіцкі. Ён таксама растлумачыў, што інтэрнат разлічаны на 218 чалавек, аднак з-за канікул у момант пажару ў ім знаходзіліся толькі 36 чалавек. Пацярпелі 4 чалавекі. Двое з іх - жыльцы пакоя, у якім узнік пажар. Яны атруціліся чадным газам і ў стане сярэдняй цяжкасці былі шпіталізаваны. Яшчэ адзін малады чалавек атрымаў рэзаную рану кісці рукі, а адна са студэнтак зламала шчыкалатку. Прычына пажару ва ўсталяванні. Цалкам знішчана маёмасць у пакоі, дзе ўзнік пажар. Пашкоджана перакрыцце паміж першым і другім паверхам, задымлены калідоры на ўсіх трох паверхах. Выратаваных часова размясцілі ў іншых інтэрнатах навучальнай установы.-0-