Супрацоўнікі МНС Віцебскай вобласці рыхтуюцца да паводкі
Паводле прагнозаў спецыялістаў, у 2013 годзе вясновая паводка абяцае быць адной з самых багатых за апошнія паўстагоддзя. Пачалася яна значна пазней звычайных тэрмінаў – у першых чыслах красавіка. Гэтай вясной сур'ёзныя паводкі верагодныя ў басейнах Віліі, Бярэзіны, Сожа і асабліва Прыпяці.
Халоднае надвор'е ў сакавіку і ападкі, што выпалі ў другой дэкадзе, спрыялі назапашванню снегу і ўнеслі карэктывы ў гідраметэаралагічную абстаноўку. У бліжэйшы час спецыялісты Дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абяцаюць халоднае надвор'е, тым не менш вада будзе прыбываць. Цяпер усе сілы Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС прыведзены ў стан гатоўнасці да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з праходжаннем паводкі.
Наладжваецца пастаянны маніторынг развіцця сітуацыі. Вызначаны маршруты руху і аб'язныя шляхі да населеных пунктаў з мясцовасцю, дзе магчыма блакіроўка вадой. Распрацаваны сітуацыйныя карты па кожным раёне і ў цэлым па вобласці, алгарытмы дзеянняў па прыцягненні сіл і сродкаў для выканання выбуховых работ.
Напрыклад, 1 красавіка ў Лёзненскім раёне непадалёк ад вёскі Асіпенкі на рацэ Чарніца, дзе таўшчыня лёду ля апорных канструкцый моста дасягала паўметра, праводзіліся выбуховыя работы. Такім чынам, у мэтах папярэджання затору спецыялісты выбухатэхнічнай службы ПАСО УМНС расчысцілі 1000 квадратных метраў ледзянога покрыва.
Эльвіра ГАМ, «Віцебскі рабочы»