Супрацоўнікі МНС выявілі 170 закінутых дамоў падчас рэйду ў Віцебску

10 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Супрацоўнікі МНС выявілі падчас рэйду ў Віцебску 170 закінутых дамоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Неабходнасць правядзення рэйду абумоўлена пачасціўшыміся пажарамі на такіх аб'ектах. Так, адразу два такія здарэнні адбылося ў абласным цэнтры на мінулым тыдні. У першым доме гаспадар адсутнічаў па прычыне знаходжання ў турме, уладальнік другога памёр. У абодвух выпадках закінутыя дамы сталі прыстанкам для асоб без пэўнага месца жыхарства. Курэнне ў нецвярозым стане плюс выкарыстанне няспраўных печаў незванымі гасцямі і стала прычынай пажараў. Усяго сёлета ў Віцебскай вобласці ўжо адбылося 10 пажараў у закінутых дамах. З надыходам халадоў супрацоўнікі МНС прагназуюць павелічэнне такіх здарэнняў. Як адзначыў намеснік начальніка аддзела гарадской гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Аляксандр Мамаеў, выяўленнем і ўлікам закінутых дамоў у абласным цэнтры займаюцца аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацый раёнаў. Знесці такое збудаванне можна толькі праз некалькі гадоў пасля пацвярджэння таго, што дом сапраўды закінуты, і толькі па рашэнні суда. Такая праца праводзіцца.-0-