Супрацоўнікаў віцебскага прыватнага прадпрыемства падазраюць у крадзяжы амаль 130 т цукру
28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Службовыя асобы аднаго з віцебскіх прыватных гандлёва-вытворчых унітарных прадпрыемстваў падазраваюцца ў крадзяжы больш як 126 т цукру-пяску ў Слуцкага цукроварафінадкага камбіната. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла аперупаўнаважаная па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Беларусі Вераніка Пасцьмецева.
Паміж ААТ "Слуцкі цукроварафінадны камбінат" і прыватным прадпрыемствам быў заключаны дагавор на захоўванне 1,2 тыс. т цукру-пяску ў арандаваным складскім памяшканні. Адпуск прадукцыі розным суб'ектам гаспадарання з віцебскага склада ажыццяўляўся выключна па дакументах Слуцкага камбіната.
Паводле даных следства, зламыснікі аформілі загадзя ілжывыя дакументы на адпуск цукру ілжэпрадпрымальніцкім структурам. Грошы, выручаныя ад рэалізацыі прадукцыі, яны прысвоілі. Усяго з красавіка па ліпень 2010 года падазроныя па папярэдняй змове, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, выкралі больш як 126 т цукру-пяску на агульную суму звыш Br300 млн.
Факт крадзяжу выявілі супрацоўнікі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Віцебскага аблвыканкама і АБЭЗ Чыгуначнага РАУС Віцебска. У дачыненні да службовых асоб прыватнага прадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 КК РБ ("Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры"). Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 5 да 12 гадоў.-0-