Сацыяльная дапамога на падгузнікі будзе выдавацца ў Беларусі з 1 красавіка - Мінпрацы

29 сакавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Сацыяльная дапамога на памперсы будзе выдавацца ў Беларусі з 1 красавіка. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец на анлайн-канферэнцыі, якая праходзіць на сайтах БЕЛТА і міністэрства. У адпаведнасці з указам ад 19 студзеня 2012 года №41 "Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе" (ГАСД) сацыяльная дапамога для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў будзе прадастаўляцца дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць 4 ступень страты здароўя, а таксама інвалідам I групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап'янэння, самапашкоджання). Анатоль Ражанец падкрэсліў, што дадзеная сацыяльная дапамога будзе прадастаўляцца незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям'і (грамадзяніна) на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб патрэбнасці ў падгузніках, а таксама дакументаў, якія пацвярджаюць выдаткі на іх набыццё. Па ацэнцы Міністэрства аховы здароўя, у падгузніках мае патрэбу каля 20 тыс. інвалідаў. Да гэтага часу інваліды I групы, якія маюць патрэбу, падгузнікамі не забяспечваліся, падкрэсліў прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны. Начальнік аддзела па справах інвалідаў упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рыта Сушко адзначыла, што ГАСД носіць заяўны характар і для яе прадастаўлення неабходна адпаведны зварот з дадаткам неабходных дакументаў, якія пацвярджаюць патрэбнасць у канкрэтным відзе адраснай дапамогі. На яе думку, прадастаўленне копіі касавага (таварнага) чэка аптэк, юрыдычных асоб незалежна ад формы ўласнасці, індывідуальных прадпрымальнікаў, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі, з абавязковым указаннем наймення набытага тавару з'яўляецца абгрунтаваным. Адказваючы на пытанне аб тым, чаму "сабесы не могуць забяспечваць памперсамі інвалідаў", Рыта Сушко слушна заўважыла, што "не сабес, а сам інвалід лепш ведае, якая марка (фірма вытворцы) і памер падгузніка яму падыходзяць". Яна падкрэсліла, што указам не ўстаноўлена, што грамадзяне павінны набываць падгузнікі толькі айчыннай вытворчасці. Улічваючы, што ўказ выдадзены 19 студзеня 2012 года і ўступае ў сілу з 1 красавіка бягучага года, для прадастаўлення сацыяльнай дапамогі для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў будуць прымацца дакументы, якія пацвярджаюць выдаткі на іх набыццё ў бягучым 2012 годзе.-0-