Сацыяльнае жыллё і сацработник у дапамогу. Як жыве адзін з найстарэйшых ветэранаў ВАВ у Віцебскай вобласці

Социальное жилье и соцработник в помощь. Как живет один из старейших ветеранов ВОВ в Витебской области
Карэспандэнты «Віцебскіх вестак» пабывалі ў аднаго са старэйшых цяпер жывых у Віцебскай вобласці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — Ягора Ражанскага з вёскі Валосава Талачынскага раёна, якому 2 студзеня споўніўся 101 год.

Ягор Кузьміч родам з вёскі Роскі Селец Аршанскага раёна. Вайна заспела яго ва Украіне, а скончыўся баявы шлях лейтэнанта Ражанскага ў 1944-м у Прыбалтыцы. Былы камандзір, затым палірук стралковага ўзвода мае ордэны Айчыннай вайны I і II ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй» і шэсць юбілейных.

У пасляваенны час франтавік 40 гадоў адпрацаваў настаўнікам, з іх 27 – дырэктарам Валосаўскай СШ Талачынскага раёна. Ветэран педагагічнай працы. Выгадавалі з жонкай траіх дзяцей, трымалі вялікую прысядзібную гаспадарку.

Аўдавеўшы, Ягор Кузьміч працягваў заставацца ў вёсцы Валосава, у доме без выгодаў. Дзве дачкі і сын жывуць на Міншчыне, таксама ўжо немаладыя людзі і не ў стане даглядаць бацьку.

Дзеці ветэрана звярнуліся ў райвыканкам з просьбай прадаставіць яму сацыяльнае жыллё.

Наваселле адбылося мінулай восенню. Так што першы дзень нараджэння ў новым стагоддзі сваёй біяграфіі Ягор Кузьміч сустрэў ва ўтульнай кватэры, размешчанай на першым паверсе дома ў ціхім мікрараёне Талачына.

Пенсіянера апекуе сацработніца з 10-гадовым стажам Алена Шпілеўская, наведвае старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Галіна Страхоўская.

– Бываю кожны дзень, гатую, кармлю, абсціраю. Для такога ўзросту мой падапечны ў нядрэннай форме, – канстатуе сацработніца.

Ягор Кузьміч задаволены цяперашнімі ўмовамі свайго пражывання.

 – Каб не хваробы, наогул было б выдатна. Стараваты стаў, дрэнна бачу і чую. З немаччу змагаюся вершамі і песнямі ўласнага сачынення. Дапамагаюць і размовы з памочніцай. Рад, што мяне часта наведваюць дзеці, ёсць шмат унукаў, праўнукі, – распавядае ён.

На пытанне, як дасягнуць 100-годдзя, адказаў так:

 – Пакуль ёсць сілы – трэба працаваць, нягледзячы ні на што, ставіцца да жыцця з аптымізмам, мець нармальныя бытавыя ўмовы, а яшчэ – не паліць, не злоўжываць спіртным і не зласловіць. Вось і ўвесь сакрэт.

"Віцебскія весці".