11 ветэранаў атрымалі сацыяльнае жыллё або пазачарговае права на долевае будаўніцтва ў Віцебску
4 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі гарвыканкам даў магчымасць усім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымаць новае жыллё, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Віцебскага гарвыканкама Віктар Сазон.
У спісах чаргавікоў знаходзіліся 16 ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. У адпаведнасці з заканадаўствам трое з іх атрымалі сацыяльнае жыллё, бо не мелі ўласнага і пражывалі ў неспрыяльных умовах. Восем ветэранаў, якія мелі ўласнасць на дамы і кватэры, атрымалі пазачарговае права стаць дальшчыкамі і будаваць новае жыллё з дапамогай крэдытаў і жыллёвых субсідый. Астатнія ветэраны, якія не мелі права на атрыманне сацыяльнага жылля і жыллёвых субсідый, адмовіліся ад пазачарговага будаўніцтва кватэр.
Як адзначыў Віктар Сазон, жыллёвыя ўмовы ўсіх ветэранаў вайны – жыхароў абласнога цэнтра абследаваны супрацоўнікамі сацыяльных службаў, упраўлення жыллёвай палітыкі, спецыялістамі камунальных службаў. Усім ім растлумачаны нормы жыллёвага заканадаўства і іх правы.
Паводле даных гарвыканкама, на ўліку ў спісах на атрыманне сацыяльнага жылля знаходзіцца 301 чалавек. У першым квартале бягучага года тыя, хто меў патрэбу, атрымалі 18 сацыяльных кватэр.-0-