Беларуска-шведская канферэнцыя ў Віцебску прысвечана сацыяльнай інтэграцыі дзяцей-інвалідаў

19 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пытанням сацыяльнай інтэграцыі дзяцей-інвалідаў прысвечана беларуска-шведская адукацыйная канферэнцыя ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама. Мерапрыемства адбудзецца 21-22 кастрычніка ў рамках беларуска-шведскага праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці". У чарговай сустрэчы, прысвечанай абмену назапашанымі ведамі і вопытам, прымуць удзел прадстаўнікі муніцыпальнага ўпраўлення Хальмстада, Шведскай нацыянальнай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, а таксама прадстаўнікі розных зацікаўленых службаў і ведамстваў Прыдзвіння. Фактычна да працы ўсе бакі прыступяць ужо 20 кастрычніка. У гэты дзень шведскія госці наведаюць шэраг тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці, пазнаёмяцца з асаблівасцямі іх работы, умовамі пражывання, метадамі аказання сацыяльнай дапамогі. 21-22 кастрычніка на базе Палаца творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска бакі абмяркуюць актуальныя праблемы, звязаныя з сацыяльнай адаптацыяй дзяцей і моладзі з абмежаванымі псіхафізічнымі магчымасцямі, падзеляцца сваімі напрацоўкамі ў гэтай сферы. Будзе ўдакладнена і праграма стажыроўкі ў снежні бягучага года дзесяці спецыялістаў па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльных цэнтраў Віцебшчыны ў Хальмстадзе. Па выніках канферэнцыі запланавана падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж прадстаўнікамі шведскай дэлегацыі і кіраўніцтвам Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Беларуска-шведскі праект "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці" рэалізуецца ў Прыдзвінне з дапамогай шведскага Хальмстада з 2002 года. Праект накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, актывізацыю ў рэгіёне працэсу іх сацыяльнай адаптацыі. Акрамя таго, ён закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай тэмы.-0-