Сацыякультурны цэнтр адкрылі пад Воршай
Цэнтр створаны на базе мясцовай школы ў будынку раней існуючага сельскага дома культуры. Школа ў Борздаўцы мае статус сярэдняй, але па факце базавая – дзясятых і адзінаццатых класаў пакуль няма. Цяпер тут вучацца 60 дзяцей, палову з іх на ўрокі падвозяць з бліжэйшых вёсак. У садку 15 дашкольнікаў. Рэканструкцыя дома культуры працягвалася два гады, на яе пайшло больш за мільён беларускіх рублёў – будынак 1971 года пабудовы цяпер не пазнаць.
Школу ў Борздаўцы ў свой час скончыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў – аграгарадок знаходзіцца побач з яго роднай вёскай. Зразумела, ён прыехаў павіншаваць землякоў з адкрыццём сацыякультурнага цэнтра:
– Уражанні ад аб'екта выдатныя, але не скажу, што мяне нешта паразіла: я вельмі шчыльна ўдзельнічаў у распрацоўцы гэтага праекта. Тут быў дом культуры, задача стаяла перапрафіляваць яго, зрабіць шматфункцыянальным. У асноўным мы, вядома, думалі пра школьнікаў, якія змогуць тут і навучацца, і спортам займацца, і культурай, але ўлічылі і патрэбы насельніцтва. Зрабілі ўсё для таго, каб цэнтр быў запатрабаваны не толькі дзецьмі і моладдзю, але і дарослымі.
Рэканструкцыя будынка СДК – чарговы, далёка не першы і не апошні крок для стварэння ў аграгарадку камфортных умоў для жыцця. За апошні час тут пабудавалі шматкватэрны дом для спецыялістаў, правялі ў пасёлак газ, абнавілі школу, з'явілася спартыўная пляцоўка, знешнія трэнажоры. На будучы год, па словах старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Ісачэнкі, у планах рэканструкцыя сельскага савета, рамонт дзіцячага садка – унутры ён у парадку, хочуць абнавіць дах і знешні выгляд. Неўзабаве будуць і новыя працоўныя месцы. Робіцца ўсё для таго, каб моладзь бачыла перспектыву на радзіме. І, як распавёў Мікалай Шарснёў, гэта тычыцца не толькі Аршанскага раёна:
– Вось ужо амаль пяць гадоў, як я вярнуўся працаваць у родныя мясціны. Памятаю свае першыя ўражанні – яны былі журботныя, перыферыя ўсюды была непрывабная. Перасякаючы мяжу Горацкага і Аршанскага раёнаў, што я ўбачыў у Борздаўцы? Шматкватэрны дом забіты дошкамі, вакол пустазелле, неўпарадкаванасць, майстэрні разбураны, школа ў непрывабным стане. А гэта ж брама з Магілёва на Віцебшчыну! І такая сітуацыя была паўсюль. Менавіта ў Борздаўцы вырашыў: у першую чаргу грошы будзем укладваць у перыферыю. Да гэтага доўга сумняваўся, думаў, з чаго пачынаць, калі фінансавання мала, а зрабіць трэба шмат. Пачалі мы з межаў. Талачын абнавілі – гэта ўезд у вобласць з Мінска і Магілёва, потым Дубровенскі раён, далей – Верхнядзвінск, сёлета заканчваем работы ў Браславе. Паслядоўна, крок за крокам, год за годам, прыводзім свой край у парадак. Таку мы выбудавалі праграму, і я бачу, што ў нас атрымліваецца.
Прыгажосць і камфорт – справа добрая, але галоўнае, як заўважыў старшыня аблвыканкама, працоўныя месцы. Толькі тады на сяле і ў маленькіх гарадах будзе заставацца моладзь. Таму прынята рашэнне: побач з Борздаўкай будуць працаваць два буйных жывёлагадоўчых комплексы. Адзін, малочна-таварны рабатызаваны на 2000 галоў надойнага статка, ужо ўзводзіцца. У наступным годзе пачнецца будаўніцтва сучаснага свінакомплексу. Жыві і працуй.
