Сацыяльныя работнікі ў Віцебску пачалі дастаўляць пажылым людзям прадукты на дом

Сацыяльныя работнікі ў Віцебску пачалі дапамагаць самотным пажылым людзям і інвалідам у дастаўцы прадуктаў харчавання і лекаў на дом.

Ва ўмовах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса прымяняюцца меры дадатковай абароны ад вірусных захворванняў пажылых людзей і інвалідаў. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з'явіліся асобныя нумары тэлефонаў, куды людзі могуць патэлефанаваць і пакінуць заяўку аб неабходнасці прывезці неабходныя тавары дадому. Нумары тэлефонаў размешчаны на сайтах Мінпрацы і сацабароны, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльных цэнтраў.

Дырэктар ТЦСАН Кастрычніцкага раёна Віцебска Таццяна Рамашова распавяла, што сацработнікі з тымі, хто ў іх на абслугоўванні, працягваюць працаваць. Адзінае, цяпер у пенсіянераў адразу цікавяцца іх здароўем і самаадчуваннем. "Вялікая колькасць пажылых людзей і інвалідаў не стаяць на сацабслугоўванні. Самае галоўнае - праінфармаваць гэтых людзей. Зразумела, што не ўсе пажылыя карыстаюцца інтэрнэтам, таму сваімі сіламі распаўсюджваем спецыяльную памятку з тэлефонам, кідаем яе ў паштовыя скрыні", - адзначыла Таццяна Рамашова.

Спецыялісты цэнтра прымаюць заяўкі ў працоўныя і выхадныя дні. Першыя звароты ёсць. Напрыклад, Вера Руднева пачула па тэлевізары, што створаны такія тэлефоны, і праз сацработніцу выйшла на ТЦСАН. Ёй даставілі тое, што яна заказвала.

"У цяперашніх умовах форма зменена. Абавязкова на работніку ёсць медыцынская маска, пальчаткі. Папярэджваем людзей, што ў такой сітуацыі могуць з'явіцца махляры. Каб убяспечыць пажылых, гаворым прозвішча, імя і імя па бацьку сацработніцы, у які час яна прыйдзе. Пры сабе ў яе абавязкова будзе дакумент, які сведчыць асобу", - сказала дырэктар ТЦСАН.

У Кастрычніцкім раёне Віцебска пражываюць каля 31 тыс. пенсіянераў. На сацабслугоўванні знаходзяцца 570 чалавек. Сярод іх віцяблянін Ілья Кiсляк, ён жыве ў шматпавярховіку. Дзед шмат чуў пра каранавірус, пасля прагулак па вуліцы мые абутак, рукі, ёсць дома і некалькі масак. "Дзякуй майму сацработнiку, яна і прыбярэ, і прадукты прынясе, ціск вымерае. Заўсёды пытаецца, як у мяне здароўе", - падзяліўся Ілья Сiльвестравiч.

Спецыялісты таксама часткова абслугоўваюць суседнія з горадам вёскі Уланавічы і Тулава. Шмат падапечных жыве ў прыватным сектары Віцебска. У такіх выпадках не толькі ўнутры дома трэба прыбраць, але і двор падмясці. "Дзякуй дзяржаве і сацработнiкам за такую дапамогу. Не пакідаюць адну, усё, што прашу, прыносяць", - дадала пенсіянерка Тамара Пахоменка.

Тэлефонныя лініі ў кожным тэрытарыяльным цэнтры працуюць штодзённа без выхадных з 9.00 да 18.00. Ніякіх дагавораў на аказанне паслугі не складаецца, але работнік разам з пакупкамі аддае заяўніку чэкі. Калі ёсць неабходнасць, бакамі падпісваецца акт прыёмкі.

Таксама жадаючыя могуць атрымаць пенсію і аплаціць камуналку на доме праз паштальёна. Для гэтага трэба звярнуцца ў абслугоўваючае аддзяленне паштовай сувязі.

БЕЛТА.