Сацсетка "Устудотрядзе" дапаможа знайсці падпрацоўку моладзі Віцебскай вобласці
Сацыяльную сетку "Устудотрадзе", распрацаваную полацкімі студэнтамі для садзейнічання другаснай занятасці моладзі Віцебскай вобласці, мяркуецца запусціць сёлета, паведаміў выканаючы абавязкі першага сакратара абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын.
"Праект "Устудотрадзе.by" распрацавалі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З дапамогай гэтага рэсурсу наймальнік і студэнцкі атрад змогуць знайсці адзін аднаго. Праект будзе прадстаўлены на рэспубліканскім фінале конкурсу "100 ідэй для Беларусі", затым плануем паступова ўвасабляць яго ў жыццё - на тэрыторыі рэгіёна і ўсёй краіны", - растлумачыў Віктар Глушын. Дзякуючы сацсетцы патэнцыйныя наймальнікі могуць паглядзець інфармацыю аб студатрадах - склад, кваліфікацыю, вопыт і прыклады працы.
Будзе дзейнічаць рэйтынгавая сістэма наймальнікаў і суіскальнікаў. "У 2015-м мы працаўладкавалі крыху менш за 11 тыс. чалавек, такое ж заданне стаіць і ў цяперашнім працоўным семестры. Усё залежыць ад наяўнасці аб'ёмаў работ на тэрыторыі вобласці і рэспублікі, нашага ўзаемадзеяння з Расіяй і іншых фактараў. Летась нашы атрады добра папрацавалі ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры "Арляня" ў Краснадарскім краі і Цэнтры адпачынку і аздараўлення "Полымя" ў Маскоўскай вобласці. Думаю, у 2016-м працягнем супрацоўніцтва", - дадаў Віктар Глушын. Таксама прапрацоўваецца пытанне аб выбары аб'екта абласной моладзевай будоўлі, летась такога не было. Прымаюцца прапановы, разглядаюцца, напрыклад, аб'екты ў горадзе Сянно, які прыме абласны фестываль-кірмаш "Дажынкі-2016".
Кацярына Князева, БЕЛТА.