Здзейсніць скачок на чэмпіянаце Віцебскай вобласці па класічным парашутызме змогуць усе ахвотныя
1 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качавет - БЕЛТА/. Магчымасць здзейсніць скачок падчас адкрытага чэмпіянату Віцебскай вобласці па класічным парашутызме 3-5 ліпеня будзе прадастаўлена ўсім гледачам і прыхільнікам гэтага экстрэмальнага віду спорту, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА трэнер па парашутным спорце вучэбна-спартыўнай установы "Віцебскі аэраклуб імя А.Гараўца" ДТСААФ Аляксандр Лаханаў.
У чэмпіянаце прымуць удзел больш за 50 спартсменаў вобласці і члены зборнай каманды Узброеных Сіл Беларусі. У праграме спаборніцтваў выкананне двух практыкаванняў - скачок на дакладнасць прызямлення і адзіночны акрабатычны скачок. Спачатку ўдзельнікі будуць вызначаць самага трапнага парашутыста: пасля пакідання самалёта Ан-2 на вышыні 1 тыс.м неабходна пры прызямленні трапіць у дыск дыяметрам 2 см, за адхіленне ад мэты налічваюцца штрафныя балы. Акрабатычны скачок здзяйсняецца з вышыні 2,2 тыс.м з 30-секунднай затрымкай раскрыцця парашута. За гэты час удзельнік павінен выканаць комплекс фігур, у тым ліку развароты на 360 градусаў і сальта. Суддзі ацэньваюць хуткасць і чысціню выканання акрабатычнага комплексу. Па выніках турніру будзе сфарміравана зборная вобласці для ўдзелу ў адкрытым чэмпіянаце Узброеных Сіл Беларусі 20 ліпеня і нацыянальным чэмпіянаце па класічным парашутызме, які пройдзе ў Віцебску ў канцы жніўня.
Гледачам падчас спаборніцтваў, якія традыцыйна праводзяцца на базе Віцебскага аэраклуба, сумаваць не давядзецца, упэўнены Аляксандр Лаханаў. Адметнасцю праграмы для віцябчан стане магчымасць адчуць пачуццё палёту са знакамітым парашутам Д-6 за спінай. Падняцца да нябёсаў на самалёце Ан-2 следам за прафесійнымі парашутыстамі можна будзе пасля праходжання экспрэс-курсу маладога парашутыста і абавязковага медагляду непасрэдна на лётным полі аэраклуба. Хоць паслуга платная (Br70 тыс.), скачкі, як паказвае практыка аэраклуба, карыстаюцца папулярнасцю сярод гараджан - за адзін дзень колькасць жадаючых выпрабаваць сябе даходзіць да 30 чалавек, дадаў Аляксандр Лаханаў.-0-