Савет Еўропы мае намер умацаваць супрацоўніцтва з Беларуссю

25 лютага, Кіеў /Таццяна Паляжай - БелаПАН/. Савет Еўропы мае намер умацаваць супрацоўніцтва з Беларуссю. Пра гэта ішла размова сёння на сустрэчы ў Кіеве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарскай Канфедэрацыі Мішлін Кальмі-Рэй, перадае карэспандэнт БелаПАН. Мішлін Кальмі-Рэй адзначыла, што, узначальваючы Камітэт міністраў Савета Еўропы, яна паставіла прыярытэтную мэту працаваць над умацаваннем супрацоўніцтва Савета Еўропы з Беларуссю, паколькі Беларусь з'яўляецца часткай Еўропы. Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні і абмеркаваць адносіны Беларусі з Еўрапейскім саюзам, маючы на ўвазе, што Швейцарыя сёння адыгрывае значную ролю ў Еўропе. Гаворачы аб двухбаковых кантактах Беларусі і Швейцарыі, ён звярнуў увагу, што велізарны патэнцыял у супрацоўніцтве дзвюх краін далёка не вычарпаны. "Я не сказаў бы, што ў нас шмат праблем у адносінах са Швейцарыяй, наадварот, апошнім часам яны складаюцца нядрэнна. Я гатовы абмеркаваць з вамі ў тым ліку і напрамкі нашага супрацоўніцтва", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся выпадкам, запрасіў Мішлін Кальмі-Рэй наведаць Мінск, "каб больш шырока і грунтоўна пагаварыць аб тых праблемах, якія трэба Беларусі вырашаць у адносінах з Еўрапейскім саюзам". "Калі ў вас будзе магчымасць, буду чакаць у Мінску і з задавальненнем працягну гэту размову", - сказаў ён, звяртаючыся да суразмоўніцы. У сваю чаргу Мішлін Кальмі-Рэй пагадзілася, што ў адносінах дзвюх краін няма праблем і Беларусь і Швейцарыя ўзаемна могуць зрабіць яшчэ больш. -0-