Савет наймальнікаў Віцебскай вобласці прапанаваў абмеркаваць пытанне рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў
Менавіта гэта было галоўнай тэмай размовы на сустрэчы кіраўнікоў прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, ініцыятарам якой выступіў Саюз наймальнікаў. Дырэктарскі корпус зацікаўлены ў вырашэнні складаных задач, якія ставіць час перад суб'ектамі гаспадарання. Нічога дзіўнага: ад гэтага ж у немалой ступені залежыць іх паспяховае развіццё і канкурэнтаздольнасць на рынку.
На думку намесніка начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Віктара Вайтулянца, прадпрыемствы Прыдзвіння нядрэнна спраўляюцца з задачамі па энергазберажэнні. Але хацелася б адзначыць тых, хто раней пачаў і цяпер працягвае гэту працу. Напрыклад, ААТ «Кераміка», дзе ўжо ўстаноўлена дзве газапоршневыя машыны, трэцяя запланавана на 2013 год. Пры сваёй энергаёмістасці выконвае план па эканоміі і ААТ «Нафтан». Дасягненнямі ў гэтым напрамку падзяліўся таксама дырэктар РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнефтапрадукт» Сяргей Старавойтаў, дзе і праводзілася сустрэча кіраўнікоў. Шэраг праектаў у вобласці запланавана і рэалізуюцца ў бягучым годзе. Але, на жаль, як адзначыў Віктар Вайтулянец, ёсць прадпрыемствы, якія ўжо спазніліся, трэба было яшчэ некалькі гадоў таму задумацца аб мадэрнізацыі. Ім будзе значна складаней і затратна функцыянаваць.
Канчатковай мэтай павінна стаць зніжэнне энергаёмістасці ВРП. Шлях да яе вядомы: укараненне ў вытворчасць сучасных энергаэфектыўных тэхналогій, аўтаматычнае кіраванне сістэмамі асвятлення, аптымізацыя цеплазабеспячэння, выкарыстанне мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц. Сістэма ЖКГ Віцебскай вобласці пакуль адстае па ўстаноўцы ў пад'ездах датчыкаў асвятлення, якія рэагуюць на рух і гук. Але дасягнуты значныя вынікі па эканоміі вады за кошт абсталявання лічыльнікаў: гэта зрабіла грамадзян больш дысцыплінаванымі. А паказчык па выкарыстанні мясцовых відаў паліва, устаноўлены Урадам краіны, перавыконваем, аднак значныя рэзервы яшчэ маюцца.
Увогуле на мерапрыемствы па энергазберажэнні з усіх крыніц Віцебская вобласць у 2012 годзе затраціла 3 трыльёны 240 мільярдаў рублёў, больш за 50 працэнтаў з іх – уласныя сродкі прадпрыемстваў.
Радуе, што кіраўнікі суб'ектаў гаспадарання разумеюць важнасць і неабходнасць дадзенай працы. А ўкладзеныя фінансы несумненна акупяцца. Галоўнае, каб эканомія не зводзілася толькі да замены лампочак на энергазберагальныя. Час лёгкіх рашэнняў прайшоў, прыйшла пара думаць, узважваць, надаваць увагу мадэрнізацыі і ўкараняць новыя тэхналогіі. Нездарма пра гэта пастаянна цвердзіць Кіраўнік дзяржавы. Нездарма 2013-ы аб'яўлены Годам беражлівасці. Гэта ўклад у будучыню, стабільную і забяспечаную.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «Віцебскі рабочы».