Савет па вонкавай рэкламе будзе створаны пры Віцебскім аблвыканкаме
Савет па вонкавай рэкламе будзе створаны пры Віцебскім аблвыканкаме. Такое рашэнне прыняў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец падчас разгляду пытання аб стане вонкавай рэкламы на тэрыторыі рэгіёна і перспектывах яе развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяперашні стан вонкавай рэкламы ў Віцебску і райцэнтрах вобласці Аляксандр Косінец падвергнуў крытыцы. "Няма сістэмы арганізацыі, кіравання і дакладнага кантролю ў гэтай сферы, усё ажыццяўляецца хаатычна. Выкананне вонкавай рэкламы нізкай якасці, адсутнічае яе рэгулярнае абнаўленне", - канстатаваў губернатар, адзначыўшы, што і даходы ў вобласць гэты від дзейнасці ў цяперашні час прыносіць нязначныя. Між тым паступленні ў бюджэт у гэтай сферы, на яго думку, могуць быць дастаткова высокімі. Аднак для гэтага неабходны эканамічныя разлікі, бізнес-планы і дакладная стратэгія.
У сувязі з гэтым Аляксандр Косінец даручыў стварыць Савет па рэкламе пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Алега Мацкевіча і распрацаваць эфектыўную праграму развіцця вонкавай рэкламы. Акрамя таго, у кожным горадзе і раёне вобласці павінны функцыянаваць дырэкцыі па вонкавай рэкламе, якія будуць займацца яе развіццём на месцах.
Вольга Багачова