Савет па развіцці прадпрымальніцтва будзе створаны ў Віцебскай вобласці

4 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры старшыні аблвыканкама будзе створаны ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Валянцін Цветкаў. Асноўнымі задачамі савета стануць аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўзнікаюць у дзейнасці недзяржаўнага сектара эканомікі, абмеркаванне праблем і перспектыў развіцця прадпрымальніцтва ў вобласці, максімальнае выкарыстанне ініцыятывы і патэнцыялу малога бізнесу ў прыярытэтных напрамках развіцця рэгіёна. У склад савета ўвойдуць кіраўнікі прадпрыемстваў недзяржаўнага сектара эканомікі і прадстаўнікі прадпрымальніцкіх грамадскіх арганізацый. Па даручэнні старшыні аблвыканкама аналагічныя грамадскія фарміраванні плануецца стварыць у раёнах і гарадах вобласці. Для павышэння дзелавой актыўнасці і эфектыўнасці работы бізнесу ў вобласці плануецца рэалізаваць яшчэ шэраг ініцыятыў, адзначыў Валянцін Цветкаў. У райцэнтрах з'явяцца інфакіёскі з інфармацыяй аб перспектыўных планах развіцця раёнаў і гарадоў, каб працуючыя і патэнцыйныя прадпрымальнікі маглі арыентавацца ў сваёй дзейнасці на патрэбы рэгіёнаў. Таксама плануецца распрацаваць пералік відаў дзейнасці, запатрабаваных у раёнах вобласці з улікам іх стратэгій развіцця. Акрамя таго, будзе створаны банк даных агрэгатаў і камплектуючых дэталяў, якія закупляюцца дзяржпрадпрыемствамі па імпарце, для вывучэння магчымасці іх вытворчасці прадпрыемствамі малога бізнесу. Кантралюючыя органы маюць намер штомесяц выпускаць інфармацыйны бюлетэнь па тыпавых памылках, якія дапускаюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў працэсе дзейнасці. Па даных упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, у вобласці налічваецца больш за 7,5 тыс. камерцыйных прадпрыемстваў, звыш 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадпрымальніцкія структуры прадстаўлены ў 23 галінах эканомікі: вытворчасць прамысловай прадукцыі ажыццяўляюць амаль 23% недзяржаўных прадпрыемстваў, у будаўнічай галіне занята 10,5%, у сельскай гаспадарцы - 9%, у гандлі і грамадскім харчаванні - 35,4%, транспарце - 8,8%, у іншых галінах - каля 10% усіх суб'ектаў недзяржаўнага сектара.-0-