Сумесная калегія архіўных службаў Беларусі і Расіі пройдзе 28 мая ў Віцебску
25 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сумесная калегія дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі і Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі пройдзе 28 мая ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар дэпартамента, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Адамушка.
На мерапрыемстве плануецца абмяняцца вопытам работы архіўных устаноў Беларусі і Расіі па стварэнні і развіцці навукова-даведачнага апарату да дакументаў нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі і архіўнага фонду Расіі. Акрамя таго, удзельнікі калегіі абмяркуюць выкананне плана сумесных дзеянняў дэпартамента па архівах і справаводстве Мінюста Беларусі і Федэральнага архіўнага агенцтва Расіі на 2008-2010 гады, а таксама пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.
Дэлегацыю архіўнай службы Расіі ўзначаліць кіраўнік Федэральнага архіўнага агенцтва Міністэрства культуры Расіі, член-карэспандэнт РАН Уладзімір Козлаў.
У праграме візіту расійскай дэлегацыі прадугледжана наведванне гістарычных і культурных аб'ектаў у Віцебску і Полацку.-0-