Сумесная беларуска-італьянская вытворчасць дазволіць ПВУ «Белкатламаш» выйсці на новыя рынкі збыту
Прадпрыемствам, якое займаецца распрацоўкай і вытворчасцю катлоў для ацяплення на аднаўляльных відах паліва, зацікавілася інжынірынгавая кампанія «ITI ENGINEERING». Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар НПП «Белкатламаш» Віктар Краўчанка падчас наведвання прадпрыемства прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам.
На сённяшні дзень на «Белкатламашы» ды і ў цэлым у Беларусі выпускаюць катлы ў асноўным магутнасцю да 4 МВт. Італьянцы ж вырабляюць такое абсталяванне магутнасцю звыш 4 МВт. Узаемны інтарэс відавочны: катлы беларускай вытворчасці паступяць на рынак Еўрасаюза, а сумесна вырабленыя па італьянскай тэхналогіі на базе прадпрыемства ў Бешанковічах адправяцца ў краіны СНД. Гэты праект накіраваны на імпартазамяшчэнне і экспарт энергетычных установак.
Як адзначыў Віктар Краўчанка, існуючае на прадпрыемстве абсталяванне на 96 працэнтаў падыходзіць для новага вытворчасці і цалкам задаволіла італьянскіх партнёраў. Засталося набыць толькі некалькі адзінак, на якія будуць затрачаны як уласныя сродкі, так і з інавацыйнага фонду.
Усяго «Белкатламаш» выпускае больш за 80 відаў прадукцыі, аднак асноўная доля вырабленага абсталявання – катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва: шчапе, пелетах, торфе, апілках і дровах. Гэтым распрацоўкам вялікую ўвагу надаюць канструктарскае і праектнае бюро, створаныя на прадпрыемстве. Асабліва варта адзначыць тэхналогію спальвання фрэзернага паліва, дзякуючы якой зніжаецца сабекошт 1 Гкал цеплавой энергіі. Яе ўвасабленне дазволіла прадпрыемству выйсці на рынкі Расіі і Украіны, зараз вядуцца перамовы аб пастаўках у Казахстан і Прыбалтыку. Па выніках 1 квартала бягучага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала больш за 14 мільярдаў рублёў, доля экспарту ў гэтым аб'ёме – каля 30 працэнтаў. Рэалізацыя абсталявання на мясцовым рынку садзейнічае выкананню подпраграмы «Малая энергетыка» праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці. Стабільная з году ў год станоўчая дынаміка выкарыстання МВТ таму пацвярджэнне.
Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці»