Сумесны этап чэмпіянатаў Беларусі і Расіі па ралі-рэйдах пройдзе ў Полацкім раёне

Трэці этап чэмпіянату Расіі па ралі-рэйдах і першы этап чэмпіянату Беларусі "Баха Беларусь - 2015", прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдуць у Полацкім раёне з 29 па 31 мая. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Трэці этап чэмпіянату Расіі па ралі-рэйдах і першы этап чэмпіянату Беларусі "Баха Беларусь - 2015", прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пройдуць у Полацкім раёне з 29 па 31 мая. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

У міжнародным пазадарожным спаборніцтве "Баха Беларусь" возьмуць удзел гоншчыкі з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы і Фінляндыі. "У параўнанні з папярэднім годам геаграфія і кола ўдзельнікаў значна пашырыліся, што сведчыць аб павышанай цікавасці да мерапрыемства. Чакаецца, што на старт выйдуць не менш за 35 расійскіх экіпажаў і больш за 20 беларускіх, а назіраць за відовішчам змогуць больш за 10 тыс. гледачоў", - адзначылі ў прэс-службе.

Местам урачыстага адкрыцця гонкі, а таксама фінішнага подыума і цырымоніі ўзнагароджання стане плошча Свабоды Полацка. Тут жа будзе арганізаваны парк сэрвісу, каб гледачы мелі магчымасць убачыць арганізацыю работы спартыўных каманд.

Спартыўная частка гонкі як і ў мінулым годзе пройдзе на Дрэтуньскім палігоне, дзе ўдзельнікам трэба будзе прайсці складаны маршрут агульнай працягласцю 610 км. Трасы першага і другога спартыўнага дня будуць адрознівацца, мець розныя віды пакрыццяў - берагавыя пясчанікі, поймы рэк, яры, лясныя дарогі. "Максімальна разнастайны маршрут будзе прапанаваны ўдзельнікам у другі дзень - экіпажам трэба будзе пераадолець спецыяльна збудаваны брод праз раку Полата ў раёне населенага пункта Дрэтунь. Сюды завезена каля 150 т жвіру, расчышчана пляцоўка для гледачоў", - распавялі ў райвыканкаме.

Для прыхільнікаў ралі-рэйдаў, якія жадаюць паглядзець гонку, будуць арганізаваны 4 глядзельныя зоны.

Арганізатары чакаюць на старце наймацнейшы склад экіпажаў на пазадарожніках і грузавіках, многія з якіх былі неаднаразовымі ўдзельнікамі папулярнага спаборніцтва "Дакар". Сярод каманд плануюць свой удзел у гонцы экіпажы ПЭК, G-Energy Team, RE Autoclub, Georaid, ATT Racing, Media Team, Космос, Комиавтоспорт, а ў катэгорыі грузавікоў Т4 выступяць экіпажы МАЗа і ГАЗа, ралійны КАМАЗ і інш.

Міжнароднае пазадарожнае спаборніцтва "Баха Беларусь" праводзіцца пры падтрымцы Віцебскага аблвыканкама і Полацкага райвыканкама, генеральнага партнёра чэмпіянату і Кубка Расіі па ралі-рэйдах кампаніі "Газпрамнефць - змазачныя матэрыялы", вытворцы прэміяльных маторных маслаў G-Energy, генеральнага спонсара этапу - ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь", афіцыйных спонсараў - Внешэкономбанка і Бінбанка. Спаборніцтвы пройдуць пад эгідай Расійскай і Беларускай аўтамабільных федэрацый, а таксама НП РОСРР.

Алена Ціханава