Сучасная медыцына ў глыбінцы: як змяніліся сельскія медустановы

Современная медицина в глубинке: как изменились сельские медучреждения
Сельскія ўстановы аховы здароўя – асаблівыя, можна сказаць, хатнія, даступныя, блізкія і родныя. Такімі яны былі заўсёды, але ў апошні час да гэтых характарыстык можна дадаць – сучасныя, аснашчаныя ўсім неабходным для аказання медыцынскай дапамогі ў глыбінцы. 

У гэтым мы пераканаліся, наведаўшы Дубровенскую ўрачэбную амбулаторыю Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Размясцілася яна ў аднапавярховым утульным жылым доме ў цэнтры вёскі. Пераехала сюды са старога аварыйнага будынка восенню мінулага года. Адзначаючы наваселле, жыхары не толькі Дубровенкі, але і суседніх населеных пунктаў (а амбулаторыя абслугоўвае 63 вёскі) дзякавалі раённую ўладу, якая знайшла немалыя сродкі для добраўпарадкавання і абсталявання ўстановы аховы здароўя. На рамонт было выдзелена больш за 9,5 тыс. рублёў, на абсталяванне – амаль 4 тыс.

– Я працую ў Дубровенцы з 1992 года. Так што ўсе перамены адбываліся на маіх вачах. І матэрыяльнае аснашчэнне медыцынскай установы, і старэнне насельніцтва, і звязаныя з гэтым хваробы. Раней мы з загадчыцай, урачом агульнай практыкі Ганнай Аскерка, працавалі ў сельскай участковай бальніцы. Затым яна была ператворана ў кругласутачны стацыянар бальніцы сястрынскага догляду, а з 2021 года перапрафілявана пад амбулаторыю, – расказвае медыцынская сястра агульнай практыкі Марыя Пруднікава. 

Калектыў амбулаторыі як адна дружная сям'я, якая з любоўю ўладкоўвае свой дом. Пацыентаў сустракаюць добразычлівыя людзі, яны ж – высокапрафесійныя медыкі. Зрэшты, тут не прынята казаць «пацыенты» ці «хворыя». Усіх сваіх падапечных лекар і медсястра ведаюць у твар і па імені, у курсе іх старых хвароб. Гэтым і адрозніваецца сельская медыцына, якую можна параўнаць з хатняй. Не толькі ў вобразным сэнсе, але і ў прамым. Марыя Пруднікава расказвае, што ў яе дома заўсёды ёсць «сумка хуткай дапамогі». Аднавяскоўцы могуць пастукацца ў дом у любы час, бывае, і позна ўночы. Такія выклікі часцей за ўсё здараюцца летам, калі прыязджаюць унукі. Хтосьці заліхаманкаваў, хтосьці парэзаўся.

Добрая справа, лічаць медыкі, дыспансерызацыя. Дзякуючы абследаванню насельніцтва ўдалося выявіць хваробы, пра якія людзі не падазравалі або якія не моцна турбавалі. А, як вядома, чым раней пачынаецца лячэнне, тым яно будзе больш эфектыўным.

Пры неабходнасці чалавека накіроўваюць на кансультацыі ў раённую бальніцу, абласны клінічны дыягнастычны цэнтр і іншыя ўстановы. Гэта значыць, не абавязкова жыць у вялікім горадзе, каб атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў поўным аб'ёме. Сельскія амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты найбліжэйшыя да людзей, а першая дапамога на месцах часам самая галоўная.

У структуры амбулаторыі чатыры ФАПы, да самай аддаленай кропкі каля 40 км. Калі мы прыехалі ў Дуброўку, лекар была на выездзе. А Марыя Пруднікава і медрегистратар Алена Новікава засталіся на месцы. Марыя Аляксееўна з раніцы ўжо паставіла кропельніцы наведвальнікам дзённага стацыянара, узяла аналізы, вымерала артэрыяльны і вочны ціск.

У амбулаторыі ёсць сучасны апарат ЭКГ. Пажылыя людзі часцей за ўсё скардзяцца на болі ў сэрцы. Да распаўсюджаных недугаў адносяцца і сасудзістыя, артрыты, артрозы, радыкуліты, прастуды. Але бываюць і неардынарныя выпадкі.

– Звярнуўся чалавек, якога ўкусіў шэршань. Я яго толькі па голасе пазнала. Твар апух, пакрыўся плямамі, пухірамі. Да прыезду хуткай зрабілі ўкол, паставілі кропельніцу. Усё абышлося. Сутыкаліся мы і з укусамі змей, – распавядае Марыя Пруднікава.

Амбулаторыя абслугоўвае звыш 1,2 тыс. жыхароў. Сярод іх нямала пажылых, самотна пражываючых, інвалідаў. Да іх медыкі прыходзяць на дом і па выкліках, і з прафілактычнай мэтай – абследаваць, распытаць пра самаадчуванне. Медык на вёсцы лечыць не толькі цела, але і душу. Пагаворыць, усміхнецца, супакоіць – і боль адступае. Аказваецца, яна праходзіць не толькі ад уколу, але і ад добрага слова.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"