Сучаснаму грамадству незалежна ад веравызнання неабходна шукаць рашэнне экалагічных праблем - кардынал Ёахім Майснер

22 жніўня, Браслаў /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сучаснаму грамадству, незалежна ад веравызнання, неабходна шукаць рашэнне экалагічных праблем. Такі пункт гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў кардынал Ёахім Майснер, мітрапаліт Кёльнскі. Ён прымае ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды каранацыі абраза Браслаўскай Божай Маці і ўскладаў сёння ў Браславе асвечаныя Папам Бенедыктам XVI кароны на шанаваны каталікамі вобраз. "Экалагічная праблема - ёсць тэалагічная праблема", - лічыць кардынал. На яго думку, адмова чалавека ад веры ў Бога спрыяла таму, што ў сучасным грамадстве запанавала спажывецкае стаўленне да навакольнага свету. "Чалавек павінен імкнуцца ўверх па вертыкалі да Бога, а калі ён адмаўляецца ад Бога, ён развіваецца па гарызанталі і эксплуатуе ўсё, што яго атачае", - растлумачыў святар. Кардынал адзначыў, што каранацыя - гэта вельмі важны знак. "Народ, які знаходзіцца пад абаронай каранаванага абраза, - гэта каранаваны народ", - сказаў ён. Ёахім Майснер упершыню наведвае Беларусь і ўжо адчувае сябе тут як дома. "Браслаў нагадвае мне маю радзіму горад Брэслаў, а браслаўскія пажылыя жанчыны вельмі падобныя на маю маму", - шчыра прызнаўся святар. Мітрапаліт Кёльнскі быў адным з кардыналаў, якія прымалі ўдзел у Папскім канклаве 2005 года, які абраў Папу Рымскага Бенедыкта XVI.-0-