Сучасны ангарны комплекс для бізнес-авіяцыі плануецца пабудаваць у Віцебскай вобласці
13 лістапада, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Будаўніцтва сучаснага ангарнага комплексу для захоўвання і абслугоўвання самалётаў бізнес-авіяцыі плануецца стварыць у аэрапорце Віцебск. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні круглага стала падчас Беларускага інвестыцыйна-эканамічнага форуму начальнік Віцебскага філіяла РУП "Белаэранавігацыя" Сяргей Рурыс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На выкананне праекта спатрэбіцца $2,7 млн. Тэрмін акупнасці складае ад 5 да 7 гадоў. Чакаецца, што новы аб'ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў першым квартале 2011 года.
Сяргей Рурыс адзначыў, што над Віцебскам штосутачна пралятае каля 500 паветраных суднаў. Геаграфічнае становішча аэрапорта Віцебск вельмі выгаднае і з'яўляецца зручным для абслугоўвання бізнес-авіяцыі. "Улічваючы рост патоку самалётаў бізнес-авіяцыі, нам неабходна выкарыстоўваць наяўны ў нас патэнцыял, што можна будзе зрабіць з дапамогай новага комплексу", - сказаў начальнік філіяла.
Новы аб'ект зможа аказваць комплексныя паслугі для бізнес-авіяцыі, у тым ліку па захоўванні і абслугоўванні суднаў, а таксама пасажыраў і экіпажаў самалётаў. У раёне аэрапорта Віцебск будзе пабудаваны лагістычны цэнтр, таму паслугі новага ангарнага комплексу стануць яшчэ больш прывабнымі для патэнцыйных інвестараў, дадаў Сяргей Рурыс.
Паводле яго слоў, паслугі, якія прадастаўляюцца ангарным комплексам аэрапорта Віцебск, дапамогуць задаволіць "тыя незадаволеныя патрэбы ў маскоўскай аэрапортавай зоне, якія цяпер ёсць". "Ва ўмовах высокага ўзроўню цэн у маскоўскай аэрапортавай зоне і недахопу месцаў для стаянак самалётаў бізнес-авіяцыі віцебскі ангарны комплекс можа выступіць партнёрам, а не канкурэнтам для маскоўскіх калег", - адзначыў Сяргей Рурыс. Кошт ангарнага захоўвання самалётаў бізнес-авіяцыі ў новым ангарным комплексе ў Віцебскім раёне абыдзецца ў некалькі разоў танней, чым у маскоўскай аэрапортавай зоне. -0-