Сучасны кардыяхірургічны модуль плануецца стварыць у Віцебскай абласной клінічнай бальніцы
17 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сучасны кардыяхірургічны модуль плануецца ўзвесці ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, паведаміў сёння журналістам галоўны ўрач клінікі Леанід Папковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер праект знаходзіцца на стадыі распрацоўкі, адведзена пляцоўка пад будынак. "Будаўніцтва кардыяхірургічнага модуля з'яўляецца вельмі сур'ёзным крокам, які дазволіць выйсці на сусветны ўзровень тэхналогій аказання кардыяхірургічнай дапамогі ў вобласці", - падкрэсліў Леанід Папковіч. Па папярэдніх ацэнках, кошт праекта можа скласці Br15-20 млрд. У гэтым пытанні кіраўніцтва клінікі цалкам падтрымлівае аблвыканкам.
Акрамя таго, у 2010 годзе ў абласной клінічнай бальніцы плануецца стварэнне структурнага падраздзялення, якое будзе займацца пытаннямі развіцця хірургічнай арытмалогіі. Парушэнні рытму сэрца з'яўляюцца вельмі сур'ёзнай праблемай, якая закранае па статыстыцы каля 30% людзей, многія з іх пажыццёва прымаюць медыкаментозныя прэпараты. "Наша клініка плануе сур'ёзна заняцца гэтым напрамкам кардыяхірургіі і ў перспектыве стварыць арытмалагічную службу ў вобласці", - адзначыў Леанід Папковіч. Для гэтага спатрэбіцца акцэнтавана займацца падрыхтоўкай кадраў, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне клінікі, будуць выдзелены памяшканні, якія адпавядаюць неабходным патрабаванням, у тым ліку па забеспячэнні медыцынскім абсталяваннем.
У 2009 годзе віцебскія кардыяхірургі правялі каля 130 аперацый на адкрытым сэрцы. У абласной клінічнай бальніцы ўжо ўкаранёны ўсе стандартныя кардыяхірургічныя ўмяшанні: аперацыі на адкрытым сэрцы, у тым ліку аортакаранарнае шунтаванне, пратэзаванне і пластыка клапаннага апарата, а таксама аперацыі з штучным кровазваротам, аперацыі на працуючым сэрцы. Акрамя таго, у кардыяхірургічным аддзяленні выконваецца шырокі спектр умяшанняў на аорце і магістральных артэрыях, шунтаванне артэрый, пратэзаванне, пластыка артэрый.-0-