Сучасны комплексны апарат для відэабранхаскапіі ўсталяваны ў Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры

Современный комплексный аппарат для видеобронхоскопии установлен в Витебском онкодиспансере

Сучасны эндаскапічны комплекс для дыягностыкі ранніх анкалагічных паталогій бронхаў і трахеі ўстаноўлены ў Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач установы аховы здароўя Анжаліка Томчына.

Апарат для відэабраранхаскапіі з аутофлюарэсцэнцыяй, аналагаў якому ў Беларусі няма, набыты за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэту па рэспубліканскай мэтавай праграме "Анкалогія".

На новым апараце дыспансера будуць праходзіць абследаванне хворыя, якія знаходзяцца ў стацыянары, жыхары абласнога цэнтра і раёнаў па накіраваннях паліклінік, а таксама ўсе жадаючыя на платнай аснове. З устаноўкай эндаскапічнага комплексу завяршылася абнаўленне абсталявання, якое пачалося ў 2000 годзе. Аддзяленне цалкам укамплектавана сучаснымі апаратамі для абследавання трахеі, бронхаў, страўніка і кішэчніка.

Як растлумачыў загадчык аддзялення эндаскапіі дыспансера Аляксандр Шкудноў, тэхналогія дзеяння апарата заснавана на змене аптычных уласцівасцей пухліннай тканіны. Комплекс уключае ў сябе сучасную крыніцу святла - сіні лазер і магутны відэапрацэсар. "Атрымліваем выяву дзіўнай якасці - павялічаная і набліжаная структура тканіны бачная да найдрабнейшых падрабязнасцей. А сіняе святло лазера больш выразна адмяжоўвае пухлінныя тканіны, паказвае не толькі слізістую, але і больш глыбокія структуры. Апарат асвятляе найдрабнейшую паталогію - гэта і называецца змяненнем аптычных уласцівасцей. Калі выяўляем нешта падазронае - можам адразу падысці і прыцэльна ўзяць біяпсію. Плюс да ўсяго, выразна бачачы межы паталагічнага ўчастка, можам дакладна выдаліць яго. Гэта не толькі дыягнастычны, але і лячэбны, аператыўны комплекс", - распавёў Аляксандр Шкудноў. Сучасны японскі апарат дае магчымасць, не перапыняючы даследаванне, пакідаць выяву на экране ў рэжыме стоп-кадра, карцінку можна захаваць на здымны носьбіт інфармацыі (флешку), пераслаць у іншы кабінет для калегіяльнага вырашэння пытанняў. "На апараце праходзяць абследаванні хворыя з бранхалёгачнай паталогіяй - гэта захворванні трахеі, бронхаў. Панарамная аглядная карцінка, якасная лічбавая выява, дае магчымасць выразна вызначаць ачагі прадпухлінных станаў і ранняга раку. Адпаведна можам паставіць правільны дыягназ, адразу ж прызначыць неабходнае лячэнне, што значна павялічвае магчымасць поўнага выздараўлення пацыента", - рэзюмаваў суразмоўца.

Мадэрнізацыя ўстановы будзе працягнута - у бягучым годзе дыспансер мае намер завяршыць рэканструкцыю хірургічнага корпуса. "Разлічваем на тое, што зможам пабудаваць аперацыйны блок па найноўшых тэхналогіях і аснасціць яго сучасным абсталяваннем. Гэта неабходна, улічваючы складанасць нашых пацыентаў, працягласць і вялікія аб'ёмы аперацый. Плюс да гэтага плануецца перааснашчэнне клініка-дыягнастычнай лабараторыі, чакаем маммограф экспертнага класа", - падзялілася планамі галоўны ўрач дыспансера Анжаліка Томчына.

Алена Ціханава