Сучасны Віцебск немагчыма ўявіць без «Славянскага базару» - А.Слабадчук
14 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Сучасны Віцебск немагчыма ўявіць без "Славянскага базару". Такое меркаванне выказаў сёння намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Слабадчук на закрыцці прэс-цэнтра ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Аляксандра Слабадчука, інфраструктура прэс-цэнтра была падрыхтавана на годным узроўні, адносна працы прэс-цэнтра скаргаў з боку прадстаўнікоў СМІ не паступала. Намеснік міністра інфармацыі выказаў падзяку дырэкцыі "Славянскага базару", а таксама працоўным калектывам, дзякуючы якім у Віцебску апроч працоўнай пляцоўкі з'явіўся "Горад майстроў", разгарнуліся нацыянальныя падворкі - на тыдзень горад на Дзвіне ператварыўся ў сталіцу беларускай культуры.
Аляксандр Слабадчук адзначыў прафесіяналізм журналістаў, якія працавалі на сёлетнім фестывалі, - усяго былі акрэдытаваны каля 550 прадстаўнікоў СМІ. Геаграфія журналісцкай супольнасці ахапіла Беларусь, Азербайджан, Вялікабрытанію, Германію, Ізраіль, Кітай, Латвію, Літву, Польшчу, Расію, ЗША, Украіну, Узбекістан, Эстонію. "Гэты фестываль мае міжнароднае і, не пабаюся гэтага слова, гістарычнае значэнне ў развіцці і прапагандзе славянскай і сусветнай культуры", - рэзюмаваў намеснік міністра інфармацыі.-0-