Сучасным палітыкам варта часцей узгадваць праўдзівую гісторыю Вялікай Айчыннай вайны - ветэран
9 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзякуючы адзінству народаў шматнацыянальнага Савецкага Саюза была здабыта перамога над фашызмам, перакананы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Афанасьевіч Дзікі. Свой пункт гледжання ён выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА. Разам з баявымі таварышамі ветэран прыняў удзел ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 65-годдзю Перамогі, які праходзіў у Віцебску.
"Цяпер маладыя шукаюць нейкую новую праўду пра вайну, а праўда заключаецца ў тым, што за сваю адзіную Радзіму ваявалі рускія і грузіны, беларусы і яўрэі, узбекі і латышы", - падкрэсліў Аляксандр Афанасьевіч. Сам ён родам з Бранскай вобласці, вайну пачаў маладым лейтэнантам у 1941 годзе ў Севастопалі, прайшоў франтавымі дарогамі Еўропы, пасля вайны служыў у розных кутках Савецкага Саюза, а затым застаўся ў Беларусі.
"Фашысты ведалі, што, толькі падзяліўшы людзей па нацыянальнай прыкмеце, можна заваяваць дзяржаву. І калі б не ўстаў на шляху ворага Савецкі Саюз - цяперашні свет быў бы зусім іншым", - лічыць ветэран. Па яго глыбокім перакананні, сучаснаму пакаленню палітыкаў варта часцей успамінаць праўдзівую гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Яе жывых сведкаў засталося нямнога, але менавіта іх успаміны, а не домыслы псеўдавучоных, павінны стаць крыніцай ведаў пра гераічнае мінулае.-0-