Захаванне персаналу з'яўляецца найважнейшай задачай працадаўцаў ва ўмовах сусветнага крызісу - эксперт
29 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Захаванне персаналу з'яўляецца найважнейшай задачай для айчынных працадаўцаў ва ўмовах сусветнага крызісу. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала дэкан факультэта менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта доктар сацыялагічных навук, прафесар Валянціна Сімховіч. Яна прымала ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў: інавацыі, сацыяльныя арыенціры, глабалізацыя", якая завяршылася сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
"Сёння можна пайсці па шляху скарачэння работнікаў або ўрэзання зарплаты, але гэта не выхад з сітуацыі", - адзначыла яна. Калі ж кампаніі будуць прымяняць прынцыпы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, то персанал ацэніць гэта па вартасці і адплаціць высокай прадукцыйнасцю працы, лаяльнасцю ў адносінах да кампаніі. У сваю чаргу гэта прывядзе да зніжэння выдаткаў, росту продажаў і ў выніку да павышэння канкурэнтаздольнасці.
Разам з тым карпаратыўная сацыяльная адказнасць мае і знешні ўзровень - кампанія павінна прымаць рашэнні, кіравацца з улікам грамадскіх чаканняў, каштоўнасцей, якія дамінуюць у грамадстве. Гэта значыць паводзіць сябе адказна і ў адносінах да сацыяльна ўразлівых сфер грамадства (культура, спорт, адукацыя і г.д.), сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, растлумачыла Валянціна Сімховіч. "На жаль, мы выявілі тэндэнцыю: чым буйней прадпрыемства, тым менш яно жадае надаваць увагі гэтым пытанням, ва ўмовах крызісу ўсё зводзіцца да выканання базавых абавязацельстваў толькі перад работнікамі", - адзначыла яна. У выніку такія паняцці, як карпаратыўная філантропія, дабрачыннасць, могуць зусім знікнуць. Акрамя таго, у апытаннях беларускія працадаўцы адзначаюць неабходнасць стварэння інстытутаў, якія абараняюць сацыяльна адказны бізнес. Тут сваю ролю павінна адыграць дзяржава, ствараючы механізмы стымулявання карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, дадала Валянціна Сімховіч.
Тэма сацыяльнай адказнасці павінна быць пастаянна ў цэнтры ўвагі грамадства, асабліва ва ўмовах сусветнага крызісу. "Гэта вельмі неабходна, так як сацыяльныя інвестыцыі павінны быць накіраваны перш за ўсё на тыя слаі грамадства, якім яны сапраўды патрэбны", - лічыць Валянціна Сімховіч.-0-