Стварэнне аграгарадкоў у гэтай пяцігодцы будзе завершана - А.Лукашэнка

26 красавіка, Чэрыкаўскі раён /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Стварэнне аграгарадкоў у Беларусі ў гэтую пяцігодку будзе завершана. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аграгарадок Езеры Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усяго да канца пяцігодкі ў Беларусі будзе налічвацца звыш 1,5 тыс. аграгарадкоў. У будучыні будуць прыводзіцца ў парадак буйныя вёскі, размешчаныя паблізу аграгарадкоў. Як адзначыў Прэзідэнт, у наступнай пяцігоддзі асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на развіцці ў краіне вытворчай базы. Аграгарадок Езеры, які сёння наведаў Аляксандр Лукашэнка, быў першым створаным у краіне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму падабаюцца менавіта такія аграгарадкі, дзе захаваўся дух вёскі. Акрамя таго, тут створаны ўсе ўмовы для нармальнага жыцця людзей: ёсць магазін, дзіцячы сад, школа, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. Па словах Прэзідэнта, у Беларусі 30% насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці, у свеце гэтая колькасць складае 6%. "Я хацеў бы захаваць гэтыя 30% сельскага насельніцтва, - сказаў ён. - Нам трэба захаваць вёску, гэта наша галоўная задача". Размоўляючы з жыхарамі аграгарадка, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што не дарма ў гэтыя раёны ўкладваліся сродкі, адраджаліся землі. Як было дакладзена кіраўніку дзяржавы, у Чэрыкаўскім раёне захворванне дзяцей ніжэйшае на 30%, чым у цэлым па вобласці, а дарослага насельніцтва - на 20%. За апошнія 5 гадоў быў выяўлены толькі адзін выпадак "бруднага" малака, які адзначаўся ў 2006 годзе. На пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях назіраецца добрая тэндэнцыя зніжэння радыеактыўнага забруджвання земляў. У некаторых рэгіёнах вядзецца праца па вяртанні выведзеных раней з сельскагаспадарчага абароту земляў. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём сацыяльнай сферы ў аграгарадку і раёне, прымаемымі мерамі па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Аляксандр Лукашэнка пабываў у Чэрыкаўскім філіяле СДЮШАР алімпійскага рэзерву, дзе рыхтуюць будучых біятланістаў. Выхаванцы гэтай школы штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі розных абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Адным з іх з'яўляецца бронзавы прызёр першынства свету 2009 года па біятлоне Уладзімір Чапелін. Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў Езерскі яслі-сад, дзе пагутарыў з работнікамі і дзецьмі. Ад кіраўніка дзяржавы філіялу СДЮШАР перададзены наборы спартыўнага інвентару, а дзіцячаму саду - цацкі. -0-