Стварэнне Мытнага саюза спрыяе паляпшэнню ўмоў для вядзення бізнесу - пасол Казахстана

25 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Стварэнне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана спрыяе паляпшэнню ўмоў для вядзення бізнесу на тэрыторыі трох краін. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў сёння на адкрыцці міжнароднага інвестыцыйнага форуму ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза спрыяе паляпшэнню ўмоў для вядзення бізнесу, а таму адкрывае новыя перспектывы перад прадстаўнікамі дзелавых колаў нашых краін", - сказаў дыпламат. На інвестыцыйным форуме ў Віцебску Казахстан прадстаўлены вялікай дэлегацыяй дзелавых колаў. "Гэта сведчыць аб зацікаўленасці нашай краіны ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю, - адзначыў пасол. - Упэўнены, што на форуме ўдасца дасягнуць пэўных дамоўленасцей". Анатоль Смірноў падкрэсліў важнасць падобных інвестыцыйных форумаў, указаўшы, што ва ўмовах сусветнага крызісу прыцягненне інвестыцый з'яўляецца ключавым фактарам развіцця эканомікі.-0-