Стварэнне холдынгаў будзе спрыяць хутчэйшай рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння - А.Косінец
16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Стварэнне холдынгаў будзе спрыяць хутчэйшай рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння. Такую кропку гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
На яго думку, для таго, каб прадпрыемствы не дублявалі адно аднаго, не канкуравалі паміж сабой, своечасова рэагавалі на патрабаванні рынку і асвойвалі вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі, неабходна іх аб'яднанне ў холдынгі або падобныя структуры з адзіным навуковым суправаджэннем. У Віцебскай вобласці нароўні з ільноным холдынгам можна было б стварыць станкабудаўнічы, уключыўшы ў яго прадпрыемствы Віцебска і Оршы, радыётэхнічны, у які ўвайшлі б віцебскія "Віцязь", "Эвістар", наваполацкі "Вымяральнік" і іншыя прадпрыемствы гэтай галіны.
Яшчэ адным стымулам для асваення выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі павінна стаць матывацыя працы інжынерна-тэхнічнага персаналу. За распрацоўку і ўкараненне новай прадукцыі канструктар або інжынер павінен атрымліваць адчувальную грашовую прэмію, упэўнены Аляксандр Косінец.
У Віцебскай вобласці па асобных групах тавараў прамежкавы імпарт складае 100%. Таму наладжванне вытворчасці камплектуючых на ўласных прадпрыемствах або ў кааперацыі з іншымі суб'ектамі гаспадарання рэгіёну з'яўляецца актуальным для многіх прадпрыемстваў. У вобласці ў найбліжэйшае пяцігоддзе будзе рэалізавана 25 праграм і падпраграм, якія закранаюць развіццё амаль усіх сфер эканомікі. Асноўны ўпор у гэтых праграмах зроблены на стварэнне імпартазамяшчальных і інавацыйных вытворчасцей. Напрыклад, праграмы "Віцебская вясёлка", "Вітаўта" накіраваны на стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей па выпуску святлодыёднай тэхнікі, святлатэхнічнага медыцынскага абсталявання, спецаўтатранспарту і аўтагідрапад'ёмнікаў.-0-