Спас чалавека – атрымаў узнагароду. У Віцебску будучы кухар выцягнуў з вады тапельца з вёскі
У мінулы чацвер у Віцебскім політэхнічным прафесійным ліцэі ўшанавалі слухача курсаў дадатковай адукацыі дарослага насельніцтва Уладзіслава Голубоўскага. Хлопцу ўручылі ганаровую грамату Рэспубліканскага савета ОСВОД за выратаванне тапельца.
Увечары 27 красавіка Уладзіслаў разам з таварышам знаходзіўся на беразе Заходняй Дзвіны з боку праспекта Чарняхоўскага. Раптам пачуўся крык. У вадзе балбатаўся чалавек, сілы яго відавочна пакідалі. Уладзіслаў не раздумваючы кінуўся на дапамогу. Да тапельца было каля дзесяці метраў. Выцягнуўшы мужчыну на бераг, выклікалі хуткую дапамогу. Неўзабаве таксама прыехалі міліцыя і МНС. Выратаваным аказаўся 48-гадовы жыхар вёскі Камары Віцебскага раёна, ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янэння. «Хуткая» даставіла яго ў рэанімацыю.
Уручаючы Уладзіславу Голубоўскаму ганаровую грамату і грашовую прэмію, старшыня абласной арганізацыі ОСВОД Аляксандр Мясаедаў падзякаваў хлопца за смеласць, рашучасць, неабыякавасць і пажадаў яму водалазнага здароўя. У гэты дзень Уладзіслаў адзначаў сваё 25-годдзе, з гэтай нагоды выконваючы абавязкі дырэктара прафліцэя Марына Уласевіч падарыла яму выпечаны навучэнцамі пірог. Карыстаючыся выпадкам, водалазны спецыяліст ОСВОД Вячаслаў Горын нагадаў аўдыторыі, што падчас адпачынку на вадаёме ніколі нельга расслабляцца. Неабходна выконваць элементарныя правілы паводзін, не дапускаць і засцерагаць іншых ад неабдуманых учынкаў. Слова далі і вінавату ўрачыстасці. Уладзіслаў Голубоўскі адзначыў, што ён ніколі не праходзіць міма людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Цяпер малады чалавек заканчвае 5-месячныя курсы кухароў ад цэнтра занятасці і праходзіць практыку ў кафэ «Любава», дзе плануе працаваць ужо кваліфікаваным спецыялістам.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"