Ратавальнікі Беларусі, Латвіі і Літвы на сумесным вучэнні набылі неацэнны вопыт - Э.Барыеў

24 чэрвеня, Міёрскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Ратавальнікі Беларусі, Латвіі і Літвы ў ходзе сумеснай вучобы набылі бясцэнны вопыт, які будзе ўзяты на ўзбраенне падраздзяленнямі гэтых краін, заявіў сёння журналістам па завяршэнні аператыўна-тактычных вучэнняў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Энвер Барыеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў міністр, задачы, пастаўленыя на вучэннях, насілі інавацыйны характар і дазволілі адпрацаваць усе этапы надзвычайных сітуацый: ад інфармавання аб здарэнні да перасячэння мяжы ратавальнікамі суседніх дзяржаў ва ўпрошчаным рэжыме. "Задачы, пастаўленыя ў ходзе вучэнняў, выкананы", - падкрэсліў міністр. Высокую ацэнку праведзеным вучэнням далі і прадстаўнікі пажарна-выратавальных службаў Латвіі і Літвы. Рэгіянальныя аператыўна-тактычныя вучэнні ратавальнікаў Беларусі, Латвіі і Літвы праходзілі на тэрыторыі Полацкага і Міёрскага раёнаў 23-24 чэрвеня. Яны з'яўляліся часткай міжнароднага праекта "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва", разлічаным на 2008-2009 гады. У вучэннях удзельнічалі больш за 200 работнікаў аварыйна-выратавальных і аварыйна-аднаўленчых службаў, 80 адзінак тэхнікі, у тым ліку 4 верталёты і 2 самалёты падраздзяленняў МНС. Праект "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва" часткова фінансуецца Еўрапейскай камісіяй у рамках праграмы добрасуседства і партнёрства. На яго ажыццяўленне выдзелены грант у памеры 1 млн. еўра. Практычна ўсе гэтыя сродкі пойдуць на аснашчэнне беларускіх ратавальных падраздзяленняў. Таксама запланавана выданне брашур і выраб стэндаў па інфармаванні насельніцтва аб дзеяннях у выпадку хімічных аварый. -0-