Выратавальнікі Мінскай вобласці сталі наймацнейшымі на чэмпіянаце МНС па лыжных гонках
28 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каманда Мінскага абласнога ўпраўлення МНС заваявала першае агульнакаманднае месца на чэмпіянаце МНС па лыжных гонках, які завяршыўся сёння ў Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Ярмош.
Уладальнік галоўнага прыза стаў вядомы толькі ў апошні дзень спаборніцтваў па выніках эстафетнай гонкі. Пераможца двух апошніх чэмпіянатаў зборная Віцебскага абласнога ўпраўлення мела магчымасць паўтарыць поспех трэці раз. Аднак у эстафеце гаспадары трасы паказалі толькі трэці вынік, прапусціўшы наперад каманды мінскіх абласнога і гарадскога ўпраўленняў. У выніку ратавальнікі Віцебскай вобласці сталі ўладальнікамі другога агульнакаманднага месца, а каманда Мінскага гарадскога ўпраўлення стала трэцяй.
Гаспадары спаборніцтваў, а таксама спартсмены сталіцы і Мінскай вобласці ў індывідуальных гонках практычна не пакінулі шанцаў прадстаўнікам іншых каманд, заваяваўшы ў выніку 10 з 12 узнагарод. Так, Яўгеній Церашкевіч (Мінская вобласць) стаў наймацнейшым у спрынце (дыстанцыя 1,2 км) і гонцы на 10 км, дзве ўзнагароды таксама ў актыве яшчэ аднаго прадстаўніка Мінскай вобласці Вадзіма Карзея (серабро ў спрынце і бронза ў гонцы на 10 км). Сярод жанчын у гонцы на 5 км перамогу святкавала Наталля Мазуркевіч (Мінск), другое месца ў віцяблянкі Таццяны Івоні, трэці вынік паказала Алена Радзькова (Магілёўская вобласць). Яшчэ адзін камплект узнагарод быў разыграны сярод мужчын старэйшай узроставай групы (старэйшыя за 40 гадоў) у індывідуальнай гонцы на 5 км, у якой другі год запар перамог віцяблянін Юрый Смык, другім стаў Уладзімір Лухверчык (Мінск), трэці вынік на рахунку Андрэя Якелы (Магілёўская вобласць).
Усяго ў чэмпіянаце МНС, які традыцыйна прымае Віцебская вобласць, удзельнічалі 11 каманд, якія прадстаўлялі ўсе абласныя ўпраўленні, рэспубліканскія падраздзяленні і навучальныя ўстановы міністэрства. Ратавальнікі выяўлялі наймацнейшых у пяці відах спаборніцтваў. Па выніках першынства лепшыя лыжнікі ўвойдуць у склад зборнай МНС для ўдзелу ў чэмпіянаце БФСТ "Дынама" па лыжных гонках.-0-